Нягледзячы на шматлікія праблемы, Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт усё ж распачне новы навучальны год. Вільня па ранейшаму застанецца буйным цэнтрам беларускае адукацыі. Гэтым разам ёсьць магчымасьць атрымліваць там і стыпэндыі.
Калі хто з розных прычынаў ня здолеў сёлета паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы Рэспублікі Беларусь, той пакуль мае магчымасьць распачаць адукацыю ў Эўропе. ЭГУ працягнула набор студэнтаў на бакаляўрскую праграму «Гісторыя й культура Беларусі» да 10 верасьня.
Апроч авалоданьня дзьвюма эўрапейскімі мовамі; фундамэнтальнай падрыхтоўкі ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук; ведаў па беларускай, эўрапейскай і сусьветнай гісторыі, археалёгіі, этналёгіі, культурнай антрапалёгіі, гісторыі мастацтваў, сёлета студэнтам гарантуецца камфортнае бясплатнае пражываньне ў Вільні й стыпэндыі.
Выкладаньне вядзецца пераважна па-беларуску, на старэйшых курсах таксама і па-ангельску, па-француску ці па-нямецку. Апроч гэтага прапануецца адмысловы цікавы курс літоўскае мовы і культуры.
Навучаньне ў ЭГУ гэта: атрыманьне дыплёму літоўскага дзяржаўнага ўзору, што прызнаецца ў Эўропе і ўнікальная магчымасьць вучыцца ў «Крывіцкай Мэцы» – у Вільні.
P.S.
Падрабязную інфармацыю аб умовах паступленьня і навучаньня можна знайсьці на сайце www.ehu.lt, задаць канкрэтныя пытаньні – на форуме студэнцкага сайта ЭГУ www.segun.info