Віталь Рыжкоў

ЗЯЛЁНЫ ЧАЛАВЕЧАК

Проста блукаючы па вуліцах нейкім лютаўскім вечарам

і складаючы вершы, забыўшыся на дакоры,

я выпадкова сустрэўся позіркамі зь зялёным чалавечкам,

што быў расьпяты на звычайным сьвятлафоры.

І ня тое, каб вельмі сьпяшаўся я зараз дадому, -

проста зьяўленьнем сваім ён адкрыў мне дарогу.

І ён, каго я дачакаўся, быў зараз больш Хрыстом,

чым той, каго прынята лічыць сынам Бога…

І чамусьці падумалася аб далёкім і цёплым чэрвені,

недасягальным лагодным моры…

А вуліца гудзела сабе, бы вялікае чэрава,

не заўважаючы мэсію, расьпятага на сьвятлафоры…

Юзік Дзенісюк

ТЭЛЕФОН ДАВЕРУ

Падлізанцы-стукачы,

Ня псуйце паперу -

Сёньня ўдзень ёсьць і ўначы

Тэлефон даверу.

Ліст пісаць - патрэбен глузд,

Крышку, можа, й веды.

Тут - слухаўка, нумар, хруст…

Ты - вяшчальнік мэдый.

Пра суседа раскажы,

Што цьвікі ўзяў з працы.

Кум пра ўласьць сказаў: рэжым -

БНФ, няйначай!

А другі сусед трыбух

Лашчыць чэскім півам,

Украінскі хваліць "Рух",

Піша ў "Нашу Ніву".

У яго шляхетны густ

Не давай ты веры -

Праслухоўвай кожны куст,

Пракалупвай дзьверы.

Прасьвідроўвай ціхачом

Дзюрачкі у сьценах.

Будзь сапраўдным стукачом,

Віжам, юдам, ценем.

Калі зрок смуга скуе,

Не марнуй паперу.

Для таго ў нас існуе

Тэлефон даверу.

Юрась Петухоў

ВУЛІЦА САМОТЫ

Для большасьці завесься Пралетарскай,

А хтосьці ведае й ранейшае імя.

Ты не крыўдуй на іх, мая ты, калі ласка,

Бо ведаю назоў сапраўдны толькі я.

Ты - вуліца Самота. Так банальна

Бяз шыльда-папяровай балбатні

Я ахрысьціў цябе. Ад сэрца. Нефармальна.

Мой сьціплы падарунак ты прымі.

Ад рамантызму плошчы ў час заходу

Іду ня ў парк - няма мне з кім ісьці.

Пяшчотнасьць дрэў на вуліцу Самоты

Зьмяню, спрабуючы на ёй сябе знайсьці.

Кагальны роў мінаю, дзе калісьці

Былі жабрацкія жыдоўскія дамы.

Я зараз сам жабрак. Прашу я з смутку выйсьця

Для хворай, для галоднае душы.

Пад дахам дрэў, пад покрывам іх ценю

Мне спакайней ад неба боль хаваць.

Па рэштках сноў, аскепках летуценьняў

Наканаваў сабе шпацыраваць.

Але ж мой шлях спаткае скрыжаваньне,

І сам ня ведаю, куды ісьці далей, -

Мо збочыць мне, пакінуўшы блуканьні?

Хоць мне наўпрост ісьці ўсё ж свабадней.

Хведар Самотны

РЭХА ЗАБЫТАЙ МОВЫ

Не крыўдуйся, забытая мова.

Ты памерла, але не зусім.

Тваё рэха апошняга слова

Будзе жыць…

Будзе жыць…

Будзе жыць…

А народ твой яшчэ пашкадуе

І навечна за то замаўчыць,

І, магчыма, ён рэха пачуе,

А яно

Будзе жыць…

Будзе жыць…

Адгукнецца яно на старонках

Шэрым пылам рассыпаных кніг

І ў вачах анямелых патомкаў

Будзе жыць…

Будзе жыць…

Будзе жыць…

Адгукнецца яно, адгукнецца,

Стукам сэрца яно прагучыць

І у памяці, што застанецца,

Будзе жыць…

Будзе жыць…

Будзе жыць…

Юрась Нераток

СТАРЫ ВАЯР

Крывавай плямай сонца зьнікла

За змрочны могілкавы бор.

Былы салдат з тугою звыклай

Курыў махру і піў кагор.

Гамонкі тлумныя сьціхалі,

Цямнелі цені на траве…

Гайдаліся ўспаміны-хвалі

Ў яго сьсівелай галаве.

Ён зноўку чуў жалеза бразгат

І бачыў баявых сяброў,

Ішоў у цемры сьцежкай гразкай

І падаў, ранены, у роў.

Палоніў розум хмель паволі,

Навальваліся жаль і злосьць,

Бо страціў ён на ратным полі

І сэнс жыцьця, і маладосьць.

Ён праклінаў вайну-паганку,

Бо разумеў, што ваяваў

За тое, каб яго каханку

Хтось жонкаю сваёй назваў,

Каб бегалі чужыя дзеці

І падрасталі неўпрыкмет

І каб ніхто у цэлым сьвеце

Не зразумеў яго як сьлед.

Не перамога - паражэньне,

Нявыплатны памер цаны!

…Трыццаты год ад нараджэньня,

Дзясяты год пасьля вайны…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0