photo.bymedia.net

photo.bymedia.net

Былы старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Саўчанка аб падрыхтоўцы ў дачыненні да яго тэракта даведаўся ад следчых.

Пра гэта ён заявіў 1 красавіка падчас допыту ў Вярхоўным судзе па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі, паведаміў лідэр аргкамітэта па стварэнні руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

Як паведаміў Сіўчык, паказанні Саўчанкі не толькі не пацвярджаюць віну Мікалая Аўтуховіча ў падрыхтоўцы забойства Саўчанкі, але і абвяргаюць паказанні яшчэ аднаго фігуранта гэтай справы Аляксандра Ларына, якому нібыта Аўтуховіч замовіў забойства Саўчанкі. «Саўчанка сказаў, што паказанні Ларына недакладныя.

Што ён наогул жыве не на тым паверху, на які ўказваў Ларын, што ён ніякай сочкі за сабой не заўважаў, нічога аб гэтым сказаць не можа, і наогул замах, які нібыта рыхтаваўся на яго, даведаўся ад следчых, а да Аўтуховіча ён ніякіх прэтэнзій не мае»,

— сказаў Сіўчык.

«У асноўным нічога новага і важнага Саўчанка не сказаў. Я думаю, яго на гэты працэс хтосьці выгнаў, каб паказаць яго народу, паколькі ў апошні час хадзілі розныя чуткі пра яго фізічнае здароўе і псіхічны стан», — адзначыў Сіўчык.

Акрамя Саўчанкі на працэсе быў дапытаны сведка Іван Заяц. «Заяц заявіў, што не будзе даваць паказанні адкрыта, паколькі баіцца за жыццё свайго знаёмага. Нібыта гэты знаёмы расказаў Зайцу аб тым, што Аўтуховіч замаўляў падпалы дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Віталя Кацубы і падатковага інспектара Мандзіка. Нібыта Аўтуховіч замовіў падпалы Юрыю Арцюкевічу, які раней у гэтым жа судзе прызнаўся, што ніякіх падпалаў Аўтуховіч яму не замаўляў», — паведаміў Сіўчык.

Як сказаў Сіўчык, Заяц на пытанне адваката Уладзіміра Асіпенкі Тамары Сідарэнкі, адкуль такую інфармацыю мае яго знаёмы, адказаў: «Ад свайго знаёмага». «

Тут ужо не вытрымаў Аўтуховіч і заявіў, што ў працэсе, абвінавачванне ў якім будуецца на словах «знаёмага майго знаёмага», ён удзельнічаць не збіраецца.

Акрамя гэтага, такія паказанні выклікалі бурную рэакцыю ў зале суда. Суддзя вымушаны быў выдаліць некалькі чалавек з залы, паколькі не смяяцца было немагчыма», — адзначыў Сіўчык.

Нагадаем, у Вярхоўным судзе разглядаецца крымінальная справа, па якой праходзяць Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка, Аляксандр Ларын і Міхаіл Казлоў. Першых трох абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта ў дачыненні да намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко і былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі. Аўтуховіч і Асіпенка таксама абвінавачваюцца ў арганізацыі падпалу дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Віталя Кацубы ў 2004 годзе.

Падпалкоўнік міліцыі Міхаіл Казлоў, былы кіраўнік УБАЗ па Гродзенскай вобласці, абвінавачваецца ў тым, што ведаў пра планы падрыхтоўкі тэрарыстычнага акта, але не рабіў захадаў па яго прадухіленні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?