Дабрачынная выстава дзіцячых малюнкаў «Сакавіцкія кацяняты» адкрылася ўвечары 31 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі. Яна арганізаваная міжнародным грамадскім аб’яднаннем мастакоў і мастацтвазнаўцаў «Майстар» у межах штогадовай міжнароднай дабрачыннай выставы «Сакавіцкія каты» (25.03—08.04).

Як паведаміла куратар творчай акцыі Ала Нароўская, у экспазіцыі каля 100 работ 84 хлопчыкаў і дзяўчынак ад 4 да 14 гадоў. Сярод іх — выхаванцы мастацкай студыі «У госці да цюбіка» музея, мінскіх дзіцячых мастацкіх школ №№ 1 і 3, сталічнай мастацкай студыі «Красны Бор», навучэнцы мінскіх сярэдніх школ №№ 4 і 40, а таксама пацыенты Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей‑інвалідаў і дачка пасла Швецыі ў Беларусі Элік Эрыксан.

Выстава прысвячаецца любімаму і таямнічаму вобразу ката. Найстаражытнейшая выява ката, знойдзеная ў Егіпце, адносіцца да II тысячагоддзя да н.э. У культурах многіх народаў свету прысутнічаюць не толькі матывы ката‑вучонага і ката, які здабывае агонь, але і ката‑баюна, які сядзіць на слупе, расказвае казкі, напускаючы неадольны сон і забіваючы людзей. А кот чорнай масці сімвалізуе таямнічую сілу. Вобраз ката знайшоў шырокае адлюстраванне ў літаратуры і выяўленчым мастацтве.

Выстава праводзіцца ў падтрымку мастачкі, 20‑гадовай выпускніцы Мінскай гімназіі №75 з архітэктурна‑мастацкім ухілам Настассі Пятровай (Багнюк), якой дактары паставілі дыягназ «востры лейкоз» (рак крыві). Яе маленькаму сыну ўсяго чатыры месяцы. Для захавання жыцця маладой маці неабходная тэрміновая аперацыя коштам 150 тыс. еўра, якая можа быць праведзена ў Германіі.

Як зазначыла мастацтвазнаўца, сябры Насці сабралі 80 млн. рублёў, грошы перавялі фізічныя асобы, а таксама УП «Выдавецтва «Беларускі Дом друку» і РУП «Крыптатэх» дэпартамента Дзяржзнака Міністэрства фінансаў.

Удзельнікі выставы «Сакавіцкія каты» і студэнты творчых ВНУ вырашылі дапамагчы Настассі Пятровай. «Мы запланавалі дабрачынную акцыю, сродкі ад якой будуць перададзены мастачцы на правядзенне аперацыі», — сказала Нароўская.

7 красавіка ў 17.00 адбудзецца ўзнагароджанне ўдзельнікаў выставы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру