Ліст групы таварышаў у адпаведныя органы. Фельетон.

Што за людзі? Іншыя б толькі радаваліся, а гэтым нефармалам як костка ў горле нашы поспехі на міжнароднай прасторы. Самі ж потым будуць запраўляць свае джыпы венесуэльскім палівам. А цяпер яны лямантуюць: рэнтабельнасць прапанаванай схемы дастаўкі нафты вызывае вялікі сумнеў у спецыялістаў. Не, каб цярпліва дачакацца мая і з усім народам радасна вітаць першыя танкеры з таннай нафтай!

Так і пнуцца яны абразіць сваімі недарэчнымі заўвагамі нашы дасягненні ў свеце. «Адлегласць далёкая, нафта цяжкая, а месца ў акіяне ўсім не хопіць», — чуецца іх лямант.

Мы, група таварышаў, лічым, што дастаўка нафты з Венесуэлы танкерамі, а затым па чыгунцы да НПЗ, як альтэрнатыўны варыянт расійскаму паліву, — ход правільны, але не да канца прадуманы. Калі што не выйдзе — толькі лішні козыр у рукі нашым зласліўцам ды расійскім алігархам.

Прапануем наадварот! Нашыя нафтаперапрацоўчыя заводы дэмантаваць, пагрузіць на платформы і затым морам-акіянам завезці ў Венесуэлу. Во гэта будзе прарыў, дык прарыў на межнароднай арэне. Амерыканцы першыя ў чарзе за танным бензінам стаяць будуць, а астатнія зайздроснікі задушацца.

Што-што, а вопыт мы маем. У вайну ўсю прамысловасць за Урал эвакуявалі, а тут нейкія два НПЗ. А потым, калі ўсю нафту з Венесуэлы выкачаем — вернем заводы назад. Як-ніяк яны — усенародны здабытак.

А калі праект затармозіцца, звяртайцеся да нас. Мы, старыя чэкісты, у свой час нават рэкі назад кульнулі.

Спадзяёмся на ўважлівы падыход да разгляду нашай прапановы, — магчыма, за ёй светлае будучае краіны. А то мы тут са сваёй ідэяй падышлі да адных, дык яны нам параілі звярнуцца ў фантастычны часопіс. Вам, кажуць, дзядулі, менавіта туды і трэба. Напэўна, таксама ворагі Радзімы?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?