У Вялікую суботу раніцай выпуск навінаў Euronews пачаўся сюжэтам пра Крыжовы шлях, які адбыўся напярэдадні ў Рыме. Гэта цырымонія транслявалася на тэлеканале «Лад». Euronews не стаў затрымлівацца на змесце і сэнсе выстулення Папы Бенедыкта ХVI, але адразу перайшоў да тэмы скандалу вакол каталіцкіх святароў-педафілаў.

Напярэдадні ў пятніцу асабісты духаўнік Папы Раньера Канталамеса выступіў перад прыхаджанамі ў яго абарону. Канталамеса спаслаўся на ліст свайго прыяцеля-яўрэя, які «з агідай сочыць за агрэсіўнымі нападкамі на касцёл і Папу».

«Выкарыстанне стэрэатыпаў, змяшчэнне асабістай адказнасці ў бок калектыўнай віны нагадваюць мне пра найбольш ганебныя аспекты антысемітызму», – сказаў каталіцкі святар.

Ватыкан заявіў, што яго словы не адлюстроўваюць афіцыйную пазіцыю Папскага Пасаду. Але, як і трэба было чакаць, гэтае выказванне выклікала рэзкі пратэст з боку яўрэйскіх арганізацый, якія лічаць, прынамсі, недарэчным параўнанне крытыкі Ватыкана з Халакостам. Канал Euronews паказаў фрагмент выступу аднаго з прадстаўнікоў такіх арганізацый, які заявіў, што само адзначэнне Вялікай пятніцы ўжо шмат стагоддзяў застаецца праявай антысемітызму. Выглядае, мы на парозе новага рэлігійнага канфлікту.

Чаму так? Чаму ў дні вялікага посту перад адным з галоўных хрысціянскіх святаў – дні, якія патрабуюць ад нас найбольшай унутранай засяроджанасці і развагаў, адбываюцца рэчы сапраўды агідныя і нават жудасныя? Можа, проста таму, што ў такі час мы больш востра адчуваем і рэагуем на тое, да чаго свет даўно прызвычаіўся?

У панядзелак у Маскве адбыўся тэракт, які забраў сорак жыццяў. І адразу знайшліся таксісты, якія вырашылі нажыцца на праблемах з транспартам. А наступным днём, калі масквічы прыйшлі ўскласці кветкі ў памяць ахвяраў на станцыі метро «Інстытут Культуры», нейкі бамбіза, былы студэнт праваслаўнага ўніверсітэта ўдарыў па галаве 82-хгадовую жанчыну, вядомую праваабаронцу Людмілу Аляксееву. Але пра гэта афіцыйныя расійскія тэлеканалы не паведамілі – нецікава.

Чарговы скандал вакол выпадкаў педафіліі ў каталіцкіх навучальных установах, якія мелі месца шмат гадоў таму, вось ужо некалькі тыдняў набірае абароты.

Інфармацыйныя каналы з асаблівай прыстраснасцю сочаць за ўсімі падрабязнасцямі скандалу і выказваннямі пра яго. Падаецца, гэтая тэма пачала выціскаць на другі план нават тэракты. Што ж тут дзіўнага – педафілія была і застанецца сярод тэм, якая выклікае павышаную ўвагу шырокай публікі. А тут яшчэ замяшаныя высокапастаўленыя святары.

Галоўным вінаватым абвешчаны асабіста Папа Бенедыкт XVI, які, нібыта, замоўчваў скандальныя факты раней і спрабуе замоўчваць іх надалей.

Чамусьці не згадваецца тое, што пантыфік не аднойчы асабіста сустракаўся з ахвярамі педафіліі – у ЗША, Аўстраліі, Новай Зеландыі, публічна выказваў спачуванні і прыносіў прабачэнні ахвярам ад імя Касцёла, рабіў усё ад яго залежнае, каб ім дапамагчы.

Амаль незаўважаным засталося і Пастырскае пасланне Свяцейшага Айца Бенедыкта XVI каталікам Ірландыі, апублікаванае на сайце Ватыкана 19 сакавіка. Папа піша, у прыватнасці: «...праблема гвалту ў дачыненні непаўнагадовых не ёсць спецыфічнай ні для Ірландыі, ні для Касцёла. Тым не менш, задача, якая цяпер стаіць перад вамі, палягае на тым, каб вырашыць праблему гвалту, якая выявілася ўнутры ірландскай каталіцкай грамады, і зрабіць гэта з мужнасцю і рашучасцю. І хай ніхто не думае, што гэтая цяжкая сітуацыя вырашыцца ў хуткім часе. Ужо дасягнуты рэальны прагрэс, але значна болей яшчэ трэба зрабіць. Для гэтага патрэбны настойлівасць і малітва, разам з агромністым спадзяваннем на ацаляючую сілу Божай дабрыні. Разам з тым, я перакананы ў тым, што для таго, каб выправіцца ад гэтай балючай раны, Касцёл Ірландыі павінен, перш за ўсё, прызнаць перад Госпадам і перад людьмі цяжкія грахі, здзейсненыя супраць безабаронных дзяцей. Такое прызнанне ў суправаджэнні шчырага шкадавання аб шкодзе, учыненай пацярпелым і іх сем’ям, павінна прывесці да супольных намаганняў у забяспячэнні абароны дзяцей ад такіх злачынстваў у будучыні».

Абвінавачанні ў тым, што трыццаць гадоў таму Ёзаф Ратцынгер, які быў тады архіепіскапам Мюнхенскім і Фрайзінгскім, хаваў факты сексуальных дамаганняў да дзяцей з боку аднаго са святароў, пабудаваныя на падтасоўцы фактаў і проста мане. Бацькі пацярпелых дзяцей не сталі звяртацца тады ў паліцыю, каб пазбегнуць розгаласу. Пазней святар (яго прозвішча Халерман) быў прызнаны судом у разбэшчванні малалетніх і атрымаў паўтара года ўмоўна. Але гэта было ўжо ў 1986 годзе.

Ёзаф Ратцынгер яшчэ за чатыры гады да таго быў пераведзены ў Рым прэфектам Кангрэгацыі веравучэння. У 2001 годзе ён разаслаў святарам цыркуляр, у якім прадпісвалася разглядаць факты сексуальных дамаганяў святароў да дзяцей канфідэнцыйна. Разглядаць, а не хаваць!

На жаль, выступаць з абвяржэннямі, прыводзіць факты, супастаўляць іх – выглядае даволі бессэнсоўным на фоне істэрыі, якая ахапіла вялікую частку прэсы. Як тут не ўзгадаць крыкі натоўпу: «Хай будзе ўкрыжаваны!» (Мацвей; 27: 22-23).

Гаворка, вядома, не пра тое, што Касцёл альбо Праваслаўная Царква, іерархі і ўвогуле святары павінны быць па-за крытыкай.

Але калі з крытыкай Папы Рымскага выступае, напрыклад, рок-зорка Шынэйд О’Конар...

Справа не ў тым, што зорку ў дзяцінстве выключылі з каталіцкай школы і яна трапіла ў турму за крадзеж. І не ў тым, што скандальная слава Шынейд часам ішла наперадзе артыстычнай (Напрыклад, падчас аднаго з канцэртаў у ЗША ў сярэдзіне 90-х яна публічна разарвала на сцэне партрэт Папы Рымскага Яна Паўла ІІ). І нават не ў тым, што яе манеры і знешні выгляд, мякка кажучы, адрозніваюцца ад традыцыйных. Магчыма, калі б яна прыехала ў Беларусь, рада па маралі начале з Чаргінцом заявіла б, што яе канцэрты пагражаюць менталітэту беларускага народу, гэтак жа, як «Рамштайн». Але яна ўсё такі рок-спявачака, а не зорка савецкай эстрады, каб быць прыкладам для піянераў.

Уражвае тая безапеляцыйнасць, з якой артыстка не проста крытыкуе – заклікае прыцягнуць Папу Рымскага да крымінальнай адказнасці.

Ёй ад самага пачатку ўсё ясна: хто вінаваты і што рабіць. Гэтак сама, на жаль, як і мільёнам людзей, якія не ходзяць у царкву, ці прыходзяць у яе толькі на Вялікдзень, каб потым «разгавецца», але лічаць, што яны маюць права ўсіх і ўсё судзіць – у тым ліку святароў, за тое, што яны недастаткова святыя з гледзішча публічнай маралі.

Айцец Аляксандр Надсан у сваім Велікодным пасланні знайшоў цудоўныя словы, як супрацьстаяць агрэсіі: «лячыць раны і сунімаць боль». Гэта кажа мудры чалавек, святар, які мае агромністы духоўны досвед. А што ж рабіць нам, якія такога досведу не маюць? Для пачатку прапанаваў бы ўспомніць запавет: «Не судзіце...»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?