Дэпутатка палаты прадстаўнікоў 3-га склікання Вольга Абрамава атрымлівае дэпутацкую пенсію, хаця, некалі ў інтэрв’ю выказвала здагадкі, што памер яе пенсіі можа скласці 400 тысяч рублёў.

— Вольга Міхайлаўна, якую пенсію Вы ўсё-такі атрымліваеце — дэпутацкую або выкладчыцкую, бо да абрання дэпутатам Вы працавалі ў Белдзяржуніверсітэце? (Вольга Абрамава — кандыдат філасофскіх навук).

— У мяне дэпутацкая пенсія.

— Калі не сакрэт, гэта колькі?

— 2 мільёны 358 тысяч.

— Чаму ў такім выпадку Вы не падымаеце праблему жудаснага расслаення ў пенсійным забяспечанні? Сёння сярэдняя пенсія па краіне складае ўсяго толькі 449 тысяч, а ў Вас — 2 мільёны 358 тысяч…

— У мінулым, падчас працы ў палаце прадстаўнікоў, мне неаднаразова даводзілася публічна ставіць пытанне пра роўнае пенсійнае забяспечанне, калі амаль аднолькава атрымліваюць работнікі найвышэйшай кваліфікацыі і работнікі без кваліфікацыі або з нізкай кваліфікацыяй. Па гэтым пытанні да мяне не раз звярталіся прадстаўнікі дырэктарата, а таксама былыя дзяржслужбоўцы. Даводзілася мне ставіць пытанне і пра дзяржслужбоўцаў, якія працавалі на дзяржаву да 1994 году альбо пайшлі ў апазіцыю і не атрымалі справядлівых пенсій. Калі ў парламенце абмяркоўваўся Закон аб дзяржслужбоўцах, я таксама публічна выказвала сваё меркаванне пра тое, што першыя асобы дзяржавы — Грыб, Шушкевіч, Сняжкова, якія працавалі на дзяржаву, — павінны атрымліваць справядлівыя пенсіі ў адпаведнасці са сваімі пасадамі, статусам і з тымі нервовымі і фізічнымі намаганнямі, якія яны трацілі на дзяржслужбе. Але ўсе мае звароты і заклікі засталіся непачутымі.

Сёння, каб падымаць гэтыя пытанні, патрэбная трыбуна. Вось калі я ствару структуру, арганізацыю, якая будзе гэтым займацца, тады і падыму гэтую праблему. І ў тым ліку пытанне аб нізкіх заробках і пенсіях беларускіх дзяржслужбоўцаў у параўнанні з прыбыткамі іх калегаў з іншых краін. Але ў першую чаргу гаворка, вядома ж, пойдзе пра пенсіі іншых катэгорый насельніцтва.

— Вы працуеце над стварэннем такой арганізацыі?

— Безумоўна. Праўда, у першую чаргу мяне турбуе маё здароўе, падарванае на дзяржслужбе. Яго аднаўленнем я цяпер займаюся і трачу на гэта значную частку сваёй пенсіі. У другую чаргу займаюся стварэннем арганізацыі.

— Што гэта будзе за структура?

— Грамадзяне з усёй краіны пастаянна звяртаюцца да мяне з просьбай: «Вольга Міхайлаўна, падкашыце рукавы і напружцеся. Нам ужо надакучыла, што Вы нічога не робіце ў нашых інтарэсах…»

Гэта будзе грамадскае аб’яднанне з далейшай перспектывай перарастання яго ў сацыяльную партыю. Гэта будзе партыя, што пераважна абараняе інтарэсы гараджан. З гэтага пачнем. Дарэчы, ужо створаная ініцыятыўная група… Але прыспешваць падзеі не варта, таму што рабіць усё трэба не па-аматарску, а прафесійна. А каб рабіць гэта прафесійна, сёння не найлепшы час, у краіне крызіс, а любая ініцыятыва патрабуе не толькі асабістых намаганняў, але і сродкаў. Думаю, рэгістравацца будзем у наступным годзе. Калі, вядома, хопіць здароўя.

— Вольга Міхайлаўна, а Вам вядома, што, напрыклад, грамадскае аб’яднанне пенсіянераў ужо некалькі гадоў не можа зарэгістраваць сваю арганізацыю ў Мінюсце. Вас гэта не спыняе?

— Праз усё гэта я ўжо праходзіла. У свой час мы пяць разоў спрабавалі зарэгістраваць партыю «Яблоко». Мы ўвесь час чулі прэтэнзіі, часам проста недарэчныя. Нічога страшнага. Прэтэнзіі прыбіраеш і рэгіструешся… Праца і рукі — моцныя зарукі.

* * *

Ад рэдакцыі «Народнай волі»

Пахвальна, што Вольга Міхайлаўна не стала выкручвацца, а шчыра сказала, што яе пенсія складае не 400–500 тысяч рублёў, як у многіх яе былых калег па выкладчыцкай працы, а 2 мільёны 358 тысяч рублёў. Не пачулі мы ад Вольгі Міхайлаўны толькі яе меркавання наконт таго, ці справядліва зрабіў А. Лукашэнка, надзяліўшы яе і іншых экс-дэпутатаў палаты прадстаўнікоў пенсіямі больш за два мільёны рублёў. У чым заслуга былых так званых «палатнікаў»? Яны што, сапраўды стварылі такую заканадаўчую базу, якая прасунула Беларусь у лік самых развітых краінаў? Наадварот, узровень жыцця нашых людзей па многіх пазіцыях не расце, а падае. Можа, мы замацавалі дэмакратычныя прынцыпы жыцця? Не, не і яшчэ раз не. Сорамна чуць, калі Беларусь называюць апошняй дыктатарскай дзяржавай у Еўропе. І гэтае абвінавачанне датычыць не толькі А. Лукашэнкі, яно звернутае і да таго «кішэннага» парламэнта, у якім Вы, Вольга Міхайлаўна, здаецца, знаходзіліся не адзін тэрмін.

Вы кажаце, што, магчыма, узвысіце свой голас у абарону жабракоў у наступным годзе, калі будзе створаная структура, «якая будзе гэтым займацца». А чаму не цяпер? Ці можаце Вы, Вольга Міхайлаўна, уявіць, колькі напаўгалодных і галодных пенсіянераў памрэ за гэты час? Патрэбная не імітацыя барацьбы з несправядлівасцю, а канкрэтныя адкрытыя дзеянні па сцверджанні сумленных падыходаў у вызначэнні пенсій для ўсіх катэгорый насельніцтва. Вас не кранае, Вольга Міхайлаўна, што Народны паэт Беларусі, дэпутат Вярхоўнага Савета двух скліканняў Ніл Гілевіч мае пенсію ў некалькі разоў меншую, чым Вы? Задумайцеся над гэтым пытаннем!

Як, зрэшты, і над многімі іншымі.

* * *

Каментуе дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ склікання Пётра Садоўскі.

Дыпламаваны марксіст-палітолаг Вольга Абрамава скардзіцца, што значную частку сваёй дэпутацкай пенсіі, якая складае 2 мільёны 358 тысяч рублёў, павінна траціць на папраўку здароўя: «…в первую очередь меня беспокоит мое здоровье, подорванное на госслужбе…». У другую чаргу былая дэпутатка абяцае стварыць «прафесійна», «не па-аматарску» грамадскую арганізацыю «з перспектывай перарастання ў сацыяльную партыю», дзе яна збіраецца бараніць правы гарадскіх грамадзян, у тым ліку і пенсіянераў. Пакуль, праўда, цяжка са сродкамі: «А для того, чтобы делать профессионально, сегодня не самое лучшее время, в стране — кризис…».

Шкада, я думаў, што дажыву да таго дня, калі сп. Вольга абароніць і мяне. Я таксама быў дэпутатам, нават членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета 12-га склікання, старшынёй Камісіі па замежных справах, амбасадарам у ФРГ, кандыдат навук, дацэнт, але вось пенсію атрымліваю амаль у чатыры разы меншую, чым сп. Абрамава, — каля 140 еўра (у эквіваленце). Я ўжо 10 гадоў пенсіянер. Мог бы яшчэ працаваць па спецыяльнасці, здароўе дазваляе. Але ж дзяржава, а дакладней — улада не бярэ на працу: «няправільны» я дэпутат, апазіцыянер,
бэнээфавец.
Я не заклікаю сп. Абрамаву адмовіцца ад такой добрай пенсіі: можа, праўда, здароўе падарвала? Толькі адно не разумею: як сп. Абрамава магла быць адначасна і дэпутаткай, і дзяржслужбоўкай? Нас у дэпутаты ў 1990 годзе выбіралі. Дзяржслужбоўцаў жа прызначаюць.

Як быць з гэтай закавыкай? Вы, спадарыня Абрамава, гаворыце: «Граждане со всей страны постоянно и активно обращаются ко мне с просьбой: Ольга Михайловна, засучите рукава и напрягайтесь. Нам уже надоело, что вы ничего не делаете в наших интересах…»

Праўда, Вольга Міхайлаўна, не таміце Вы людзей. Папраўляйце хутчэй здароўе ды вяртайцеся ў шэрагі барацьбітоў. Але скажыце вашым прыхільнікам-выбарцам, каб звярталіся не да Вас, а туды, дзе дэпутатаў прызначаюць…

З экс-дэпутацкім прывітаннем — Пётр Садоўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?