Падчас паводкі Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе не ўжываць без гатавання ваду з шахтавых калодзежаў.

Пра гэта паведаміла 5 красавіка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску намеснік міністра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны доктар Беларусі Валянціна Качан.

Паводле яе слоў, падчас паводкі неабходна ваду з калодзежаў гатаваць або набываць бутыляваную ваду. Пасля завяршэння паводкі патрабуецца ачыстка калодзежа з выкананнем усіх санітарных патрабаванняў і яго хлараванне, пры неабходнасці варта правесці лабараторныя даследаванні вады. Паводле слоў Качан, санітарныя службы распаўсюдзілі сярод сельскіх жыхароў напамін аб прывядзенні калодзежаў у парадак пасля паводкі.

Намеснік міністра падкрэсліла, што праблема бяспекі пітной вады застаецца актуальнай ва ўсім свеце. Паводле ацэнкі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, калі менш чым 5% пітной вады не адпавядае па бактэрыялагічных паказчыках санітарным патрабаванням, краіна лічыцца спрыяльнай па паказчыку бяспекі вады. У Беларусі адхіленні па бактэрыялагічных паказчыках адзначаюцца ў 2—3% пробаў вады. Найбольшай праблемай з’яўляецца забеспячэнне сельскага насельніцтва вадой з шахтавых калодзежаў, якасць якой не заўсёды адпавядае ўстаноўленым нарматывам.

Як паведаміла Качан, у наступную пяцігодку ў рамках праграмы «Чыстая вада» прадугледжана забеспячэнне вадой з падземных крыніц аграгарадкоў, у шэрагу з іх будуць пабудаваны станцыі абезжалезвання. Разам з тым намеснік міністра прызнала, што ўсе населеныя пункты ў сельскай мясцовасці на водазабеспячэнне з падземных крыніц перавесці не атрымаецца, школы і дзіцячыя садкі ў такіх вёсках забяспечваюцца бутыляванай вадой. Акрамя таго, існуе сістэма грамадскіх шахтавых калодзежаў, якія знаходзяцца на абавязковым уліку. У іх праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?