У Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) занепакоены нізкім узроўнем заработнай платы шэрагу катэгорый педагагічных работнікаў.

Як заявіў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка 6 красавіка ў Мінску на з’ездзе галіновага прафсаюза ФПБ, занепакоенасць прафсаюзаў выклікае, у прыватнасці, нізкая зарплата маладых школьных настаўнікаў і маладых выкладчыкаў ВНУ. Як нагадаў Бойка, у пачатку 2009 года ўказам прэзідэнта былі ўстаноўлены даплаты маладым спецыялістам у памеры тарыфнай стаўкі першага разраду.

Зараз зарплата маладога настаўніка складае прыблізна 450 тыс. рублёў.

«Гэтага недастаткова для замацавання маладых кадраў ва ўстановах адукацыі», — падкрэсліў прадстаўнік ФПБ.

Паводле яго слоў, не менш важнай застаецца праблема зарплаты маладых выкладчыкаў ВНУ, »пра якую гаварылася неаднаразова». Сёння зарплата такога спецыяліста складае прыкладна 455 тыс. рублёў.

Бойка таксама звярнуў

увагу на нізкую заработную плату выхавальнікаў дашкольных устаноў — 420—490 тыс. рублёў, або 143—170 даляраў, памочнікаў выхавальніка — 97—136 даляраў.

Апрача невысокай зарплаты, у супрацоўнікаў дашкольных устаноў была зніжана працягласць адпачынку. Як мяркуе прадстаўнік ФПБ, надышоў час знізіць нормы педагагічнай працы для выхавальнікаў дашкольных устаноў да стаўкі, зменшыць напаўняльнасць груп.

Спецыяліст выказаў занепакоенасць нізкай зарплатай работнікаў сістэмы пазашкольнага навучання і выхавання, метадыстаў і «іншага персаналу, без якога галіна не можа функцыянаваць».

Паводле слоў Бойкі, сярэднямесячная заработная плата работнікаў галіны ў 2009 годзе склала 793,7 тыс. рублёў.

Ён нагадаў, што пра неабходнасць павелічэння зарплаты было заяўлена на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях, галіновага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях. Прапановы аб удасканальванні аплаты працы неаднаразова ўносілі Міністэрства адукацыі і ФПБ. Як зазначыў прадстаўнік прафсаюза, у тым ліку ад зарплаты педработнікаў залежыць прыцягненне ў галіну дастатковай колькасці кваліфікаваных кадраў. Гэта, у сваю чаргу, будзе садзейнічаць павышэнню прэстыжу педагагічных прафесій у грамадстве, мяркуе Бойка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?