Беларуская партыя «Зялёныя» (БПЗ) не падпісвала заяву аб недэмакратычным характары мясцовых выбараў, паведаміў старшыня партыі Алег Новікаў.

Нагадаем, 5 красавіка была распаўсюджана заява лідэраў дэмакратычных партый і рухаў, у якой адзначалася: «Выбараў у Рэспубліцы Беларусь па‑ранейшаму няма. І, значыць, няма падстаў для прызнання гэтай выбарчай кампаніі адпаведнай стандартам свабодных і справядлівых выбараў».

Як зазначыў Новікаў, у заяве паведамляецца, што пад ёй падпісаліся 13 лідэраў дэмакратычных партый і арганізацый, і першай згадваецца БПЗ. Больш за тое, згодна з тэкстам распаўсюджанай заявы яе нібыта падпісаў сам Новікаў.

«Аднак ніводзін з прадстаўнікоў кіраўніцтва БПЗ не падпісваў гэтую заяву. Партыі было толькі паведамлена прадстаўнікамі АДС пра намер групы партый зрабіць такую заяву.

Таксама БПЗ было прапанавана абмеркаваць на ўзроўні актыву магчымасць такой заявы», — сказаў Новікаў.

Ён паведаміў, што канчатковага рашэння па гэтым пытанні кіруючымі структурамі БПЗ прынята не было, гэтак жа як не быў атрыманы тэкст праекта заявы, якую, калі верыць прэс‑рэлізу, «зялёныя» падтрымалі.

«Беларуская партыя «Зялёныя» настойліва просіць кіраўніцтва АДС прытрымлівацца дэмакратычнага і празрыстага механізма прыняцця такіх заяў», — заклікаў Новікаў.

Паводле яго слоў, у выбарах у мясцовыя светы бяруць удзел тры кандыдаты — прыхільнікі БПЗ, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?