7‑8 красавіка ў Мінску чакаюць прыбыццё дзевятага «Боінга» для Нацыянальнай кампаніі «Белавія».
Пра гэта паведаміў дырэктар дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Вадзім Мельнік 6 красавіка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.
Паветранае судна набыта на ўмовах лізінгу.
Паводле слоў Мельніка, зараз »Белавія» эксплуатуе восем самалётаў тыпаў «Боінг 737/500» і «Боінг 737/300», тры СRJ‑100/200 і чатыры «ТУ‑154М».
Як паведаміў дырэктар дэпартамента па авіяцыі пасля прэс‑канферэнцыі, разглядаецца магчымасць набыцця ў будучыні самалётаў СRJ‑700.
Адказваючы на пытанне аб магчымай закупцы самалётаў для звышдалёкіх пералётаў, Мельнік зазначыў, што дэпартамент і «Белавія» рэгулярна займаюцца разлікам пасажырапатоку. Сёння пытанне аб куплі такога самалёта не стаіць, падкрэсліў ён.
Паводле слоў генеральнага дырэктара «Белавія» Анатоля Гусарава, менеджмент і кіраўніцтва авіякампаніі не бачаць эканамічных перадумоў для пачатку выканання транскантынентальных пералётаў. Размова ідзе пра палёты ў Пекін, Паўднёвую і Паўночную Амерыку. «Гэта не найбліжэйшая перспектыва», — сказаў ён.