Зміцер Бабіцкі

Зміцер Бабіцкі

З цікавымі метадамі працы барысаўскай выбарчай камісіі сутыкнулася каманда сябра Руху «За Свабоду» і Партыі БНФ Змітра Бабіцкага. Ён балатуецца ў гарадскі савет па 15‑ай выбарчай акрузе.

Гэта ўжо трэцяя спроба Бабіцкага прайсці ў гарсавет. У 2003 годзе яго проста не зарэгістравалі ў кандыдаты. У 2007 годзе па папярэдніх выніках Зміцер атрымліваў перамогу над начальнікам аўтапарка Шкрэдавым. Але праз два дні тую перамогу скасавалі, а Шкрэдаў перамог з перавагай у 22 галасы.

Гэтым жа разам выбарчая камісія дзіўным чынам перапісала біяграфію Бабіцкага, якая будзе змяшчацца на афіцыйных плакатах.

Было пакінутае толькі тое, што кандыдат нарадзіўся ў 1979 годзе ў Барысаве, скончыў БДЭУ. Таксама быў пазначаны гадавы даход, наяўнасць машыны і сяброўства ў Партыі БНФ. Больш нічога. Нават фатаздымак камісія паставіла не той, які падаў кандыдат, а іншы, невядома адкуль здабыты, на якім ён выглядае менш прывабна.

Напрыклад жа, былі выдаленыя яго навучанне ў аспірантуры БДЭУ на кафедры «Рэгіянальнага кіравання», вучоба ў Варшаўскім універсітэце, удзел у распрацоўцы наступных дакументаў: «Рэйтынг гарадоў Беларусі: умовы развіцця чалавечага капіталу» (2008 г.) і «Канцэпцыя прыватызацыі аўтамабільнага пасажырскага транспарту ў Беларусі» (2009 г.), стратэгіі рэформаў у Беларусі «Еўрапейскі выбар» (2003 г.), падручніка «Асновы эканамічнага развіцця рэгіёну» (2009 г.), працу ў Інстытуце прадпрымальніцтва і менеджменту (ІПМ), а таксама цэлы шэраг іншых фактаў біяграфіі Бабіцкага.

Сакратарка ж камісіі Тацяна Стасава адмаўлялася даваць інфармацыю на афіцыйных выбарчых плакатах пра Бабіцкага па‑беларуску. Пасля заявы кандыдата біяграфія была перакладзеная на беларускую мову.

Давераная асоба Змітра Бабіцкага Сяргей Салаш накіраваў скаргу ў выбарчую камісію, дзе патрабуе ўжываць поўную біяграфію кандыдата, а таксама размясціць той фотаздымак, што накіравала каманда палітыка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?