«…Людзі, якія спяваюць не за грошы, не па замове, а таму што не могуць не спяваць...»
.

Гэтак на працягу году на радыё «Свабода» пачынаецца аўтарская перадача Змітра Бартосіка «Барды свабоды». Штотыдзень Бартосік гутарыць і слухае як маладых аўтараў, так і мэтраў жанру — Віктара Шалкевіча, Алеся Камоцкага, Андрэя Мельнікава, Вальжыну Цярэшчанку, Сяржука Сокалава-Воюша, Касю Камоцкую.

фота - svaboda.org

фота - svaboda.org

Выслухаўшы і запісаўшы за год 50 аўтараў, 250 песняў, і яшчэ пагутарыўшы з кожным выканаўцам, Зміцер Бартосік кажа, што фактычна ўклалася аўдыё-энцыклапедыя сучаснай беларускай бардаўскай музыкі і ў інтэрв’ю НН зняпраўджвае або спраўджвае колькі пашыраных думак наконт гэтага адметнага жанру мастацтва.

«Наша Ніва»: Ці праўда, што беларуская бардаўская музыка вядзе свой радавод ад савецкіх бардаў-шасцідзесятнікаў?

Зміцер Бартосік: Беручы манеру выкання, дык збольшага так. Хто пачынаў беларускую бардаўскую музыку? Алесь Камоцкі, Сяржук Сокалаў-Воюш, Эдуард Акулін. У першага выразныя інтанацыі Акуджавы, у другога — манера Высоцкага. Хаця было і выключэнне — гарадзенскі бард Віктар Шалкевіч, які вядзе свой радавод ад польскага кабарэ. Але тэксты з расейскімі шасцідзясятнікамі вядома ніяк не перакрыжоўваюцца: адпачатку ў нас быў свой адметны шлях. Але нават і з канца 80-х беларуская бардаўская музыка змянілася: фірмовы плач па роднай мове, зямельцы, і мітынговыя песні — усё гэта адышло. Што з’явілася — дык гэта абсалютная разнастайнасць тэмаў, ад любоўнай лірыкі, вельмі гарадской паводле формы, да філасофскіх баладаў. Кожны малады бард, нават тыя хто звычайна піша свае песьні на чужыя вершы, стараецца самавыявіцца праз сваё слова.

НН»: Ці праўда, што бардаўская музыка трымаецца на 3 акордах?

ЗБ: Ніякая музыка: ні бардаўская, ні класічная, не трымаецца на 3 акордах. Музыка трымаецца на сямі нотах. Сапраўды, для акампанементу, як да прыкладу ў Акуджавы, можа быць дастаткова і 3 акордаў, але якія геніяльныя музычныя фразы атрымліваліся! Мелодыі, якія мог абыгрываць нават сімфанічны аркестр. З іншага боку, Можна ж сачыніць песню на 20 акордах, а мелодыя будзе шэранькая. Таму, справа не ў колькасці акордаў, а ў здольнасці фантазіраваць.

«НН»: Ці праўда, што бард-музыка нефармат?

ЗБ: Кожная музыка мае свой фармат. Так, цяпер па часе, мы вымушаныя канстатаваць, што бардаўская музыка — гэта нефармат для стадыёнаў. Як высвятляецца — гэта камерны жанр. Так, зніклі гэтая чары забароненага плоду, якія і вабілі на стадыёны паслухаць бардаў тысячы. Бардаўская песьня заняла сваю нішу, але нельга сказаць, што гэтая ніша няўтульная. Рэгулярна праводзяцца канцэрты ў Купалаўскім музэі, у музэі Багдановіча, у «Добрых мысьлях», у «Лісінай нары». Невялікія, камэрныя залі, дзе ёсць каго паслухаць і для каго спяваць. Пустых месцаў і абыякавых вачэй я там не заўважаў.

«НН»: Ці праўда, што ў беларускай бардаўскай музыкі няма дасягненняў?

ЗБ: Калі мілагучная «Запяі мне песню» Вальжыны Цярэшчанкі на словы Геніюш — не дасягенне. Калі «Жлобская нацыя» Шалкевіча, якая балюча б’е па жывым, калі гімновая мельнікаўская «Гэта мы!», або «Аксамітны летні вечар Сокалава-Воюша — не дасягненні — а гэты спіс можна доўжыць і доўжыць, — тады я гатовы выслухаць вашыя аргументы…

«НН»: Ці праўда, што ў барадаўскай музыкі няма будучыні?

ЗБ: Пакуль у чалавека ёсць жаданне самавыразіцца пры пасяродку рыфмы і гітары, будучыня ёсць. Пытанне — ці будзе гэта светлая будучыня. Гэта залежыць ад здольнасцяў аўтараў быць цікавымі слухачу. Зараз можна смела казаць, што ў аўтарскую песню прыходзіць новае пакаленне. Больш прафесійнае ў музычным плане. У кожнага аўтара свая тэхніка ігры на гітары., сваё непаўторнае музычнае мысленне. Таму бліжэйшым часам нас чакае многа сюрпрызаў. І дыск «Барды Свабоды» будзе не апошнім.

Прэзентацыя дыску «Барды свабоды» адбудзецца 9 красавіка ў будынку Палацу Мастацтва (Казлова, 3). Пачатак а 17.

Он-лайн версію кружэлку, а таксама гутаркі з бардамі можна спампаваць тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?