Міністэрства юстыцыі Беларусі чарговы раз адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі маладзёжнаму аб’яднанню «Малады фронт». Гэта была шостая спроба рэгістрацыі арганізацыі.

Апошні ўстаноўчы з’езд «Маладога фронту» прайшоў 30 студзеня 2010 года, а дакументы на рэгістрацыю былі пададзеныя 28 лютага.

Як паведаміў прэс‑сакратар арганізацыі Станіслаў Стэсік, паведамленне Мінюста падпісана 1 красавіка. Падставай для адмовы стаў юрыдычны адрас аб’яднання, які, як лічыць Мінюст, не адпавядае патрабаванням заканадаўстава.

«Таксама чарговы раз адзін з вышэйшых юрыдычных інстытутаў Рэспублікі Беларусь ‑‑ Міністэрства юстыцыі ‑‑ пацвердзіла існаванне «прэзумпцыі вінаватасці» заснавальнікаў «Маладога фронту», ‑ адзначыў Стэсік.

У прыватнасці, як паведамляецца ў адмове, «згодна са звесткамі, якія маюцца ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь,

43 заснавальнікі МГА «Малады фронт» (больш за палову ад іх агульнай колькасці), у тым ліку амаль усе члены кіруючага органа дадзенага грамадскага аб’яднання, прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, многія з іх ‑‑ неаднаразова, у тым ліку за правапарушэнні, звязаныя з парушэннем грамадскага парадку, правоў і свабод другіх асобаў».

Так, падлічыў Мінюст, старшыня аб’яднання Дзмітрый Дашкевіч прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці 16 разоў, Іван Шыла — 17, Крысціна Самойлава — 13, Дзяніс Карноў — 11 разоў.

«Вышэйазначанае не сведчыць аб намеры заснавальнікаў МГА «Малады Фронт» ажыццяўляць дзейнасць у межах заканадаўства Рэспублікі Беларусь, не парушаючы грамадзкі парадак, правы і законныя інтарэсы другіх грамадзян», — адзначаецца ў адказе Мінюста.

Як заявіў лідэр арганізацыі Зміцер Дашкевіч, «Малады фронт» будзе і далей праводзіць устаноўчыя з’езды. «Кожныя тры месяцы мы будзем праводзіць устаноўчыя з’езды, і Міністэрства юстыцыі павінна будзе даваць нам заканадаўча абгрунтаваныя адказы, чаму яны не рэгіструюць арганізацыю», — сказаў Дашкевіч.

Зараз «Малады фронт» мае статус міжнароднага маладзёжнага грамадскага аб’яднання. У 2007 годзе ён быў афіцыйна зарэгістраваны ў Чэхіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?