Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі, разлічаныя па стандартах МВФ, за сакавік павялічыліся на 496,7 млн. даляраў (8,9%) і на 1 красавіка склалі 6 млрд. 73,9 млн. даляраў.

Як паведамілі ў Нацыянальным банку, значны рост золатавалютных рэзерваў стаў магчымы дзякуючы апошняму траншу крэдыту МВФ у 670 млн. даляраў, які паступіў у Беларусь у канцы сакавіка. Сродкі былі залічаныя ў склад золатавалютных рэзерваў краіны і пры неабходнасці будуць выкарыстоўвацца на падтрыманне курсу нацыянальнай валюты.

Такім чынам, без уліку крэдыту МВФ рэзервы за сакавік знізіліся прыкладна на 170 млн. даляраў.

У цэлым за першы квартал золатавалютныя рэзервы краіны павялічыліся на 421,4 млн. даляраў (7,5%) — з 5 млрд. 653 млрд. даляраў на 1 студзеня 2010 года.

Пры гэтым варта ўлічваць, што, акрамя траншу МВФ,

рост золатавалютных рэзерваў з пачатку года суправаджаўся таксама паступленнем у лютым 625 млн. даляраў за продаж чарговага пакету 12,5% акцый ААТ «Белтрансгаз».

Паводле планаў Нацбанка, за 2010 год золатавалютныя рэзервы павінны павялічыцца на 0,5—1,83 млрд. даляраў. Гэта прадугледжана Асноўнымі кірункамі грашова‑крэдытнай палітыкі Беларусі на гэты год.

Аднак старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч заяўляе пра неабходнасць паскарэння тэмпаў росту золатавалютных рэзерваў Беларусі. Паводле яго меркавання, да канца 2010 года золатавалютныя рэзервы неабходна павялічыць практычна ўдвая ў параўнанні з іх цяперашнім аб’ёмам. «Неабходна імкнуцца да таго, каб да канца гэтага года яны дасягнулі не менш як 10 млрд. даляраў ЗША», — заявіў Пракаповіч у сваім дакладзе.

Як раней паведамлялася, дзякуючы знешнім пазыкам і крэдытам летась Беларусі ўдалося нарасціць золатавалютныя рэзервы больш чым на 2,5 млрд. даляраў — да 5 млрд. 652,5 млн. даляраў на 1 студзеня 2010 года. Пры гэтым варта ўлічваць, што за ўвесь 2009 год запазычанні ўрада і Нацбанка Беларусі на знешніх рынках, а таксама іншыя паступленні, залічаныя ў склад золатавалютных рэзерваў, склалі ўдвая больш — звыш 5,5 млрд. даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?