Гарадзенцы - дзіўныя людзі (па сабе ведаю). Яны чамусьці ўпэўнены, што нават сонца ўстае на захадзе. Удакладнім: сонца свабоды ўстае на захадзе Беларусі. Гэтая фармулёўка трохі больш карэктная, а таму паспадзяёмся, што пан рэдактар ня будзе яе выпраўляцьа.

Беларусь расколата мэнтальна. Лінія расколу - мяжа паміж Беларусьсю Заходняй і Беларусьсю Ўсходняй, паміж Гарадзеншчынай і Шклавіцяніяй, паміж фальваркамі і саўгасамі, свабодай сумленьня і напаўпрымусовым праваслаўем.

Адбываецца гэты раскол і ў беларускай паэзіі. Там, у Шклавіцяніі, застаюцца бясконцыя зборнікі Навума Гальпяровіча і Раісы Баравіковай, тужлівыя лепятаньні неўміручага сьпевака бабчынскіх палёў і нескладушкі аўтара шлягеру "Таварыш Прэзыдэнт, настане той мамэнт". На Гарадзеншчыне гучаць вытанчаныя творы а-ля барока Юрася Пацюпы, гулкім рэхам адбіваюцца ад сьцен старога замку нечаканыя (для чалавека яго пакаленьня) паэтычныя валторны Юркі Голуба.

Але галоўным голасам Гарадзеншчыны, свабоднай і разьняволенай, стала гітара Віктара Шалкевіча.

Худы, нязграбны, адзначаны блазенскімі грымасамі, вылупленымі вачамі і задзёртым да неба - маўляў, зірні, Госпадзі, на твор рук сваіх! - і без таго вялікім носам, выходзіць Шалкевіч на тэатральную сцэну, каб прасьпяваць свае вершы.

Так сьпяваў Аляксандар Галіч. Так сьпяваў Булат Акуджава. Так сьпяваў Уладзімер Высоцкі і сьпявае Цімур Шааў. Вершы былі для іх важнейшыя за музыку.

Шалкевіч нашмат больш музыкальны. Але і для яго вершы - важнейшыя. Ён, прафэсійны артыст, разумее, што спачатку было - Слова.

Добрай раніцы, жлобская нацыя!
(Сонца ўзыходзіць лупатае.)
Добрай раніцай, жлобская нацыя!
(А ніхто дурную ня сватае.)

І - усё ж сказана. Сапраўды, хто ж пасватае нявесту, жлабаватую і дурную, няздольную крытычна зірнуць на сябе збоку? Ніхто. Нікому такая не патрэбна. А калі і спатрэбіцца - значыць, выгады жаніх шукае.

Чатыры радкі - і пастаўлены дыягназ усяму народу. Дыягназ дакладны і неаспрэчны, як прысуд.

Шалкевіч і ўсю нацыянальную гісторыю здольны ўкласьці ў некалькі ліхіх куплетаў полькі-трасухі - і таксама зьвёўшы яе да дыягназу:

Бо нейкія засранцы
Папсавалі танцы.
Худыя, як цьвікі.
Кажуць, што бальшавікі.

Дапусьцім, іншы раз танцору ня толькі бальшавікі замінаюць, але і немцы, палякі, Калякіны і Мілінкевічы, пісьменьнікі і паэты. Але гэта - нацыянальная рыса.

Народ стаіць і толькі пазяхае.
Грукнулі сенцы:
завіталі немцы,
У вантробе прыпякло так,
што з носу пацякло.

А народ пры гэтым працягвае стаяць і пазяхаць. І хто б там яго ні прыпякаў, немцы, палякі ці бальшавікі, пазяхаў ён і будзе пазяхаць. І ўсю сваю Гісторыю прамаргае, як прамаргаў сувэрэнітэт, дэмакратыю, мову.

Шалкевіч падыходзіць да гісторыі Беларусі канцэптуальна. Яе мінуўшчына для яго - крыніца ўсіх сёньняшніх заган і хвароб.

Войт нашае гміны Гарбоўскі Васіль
У свой час жабраку гаварыў:
"Бяры залатоўку, маліся што сіл,
Каб хам нігды панам ня быў!"
Але час мінуў - і пагляньце-ка вы:
Нібы там чыясьці рука
Прымкнула касьцёлы, пабіла званы,
На цэрквах заместа крыжоў - груганы,
Жыцьцё чалавека ня мае цаны,
Няма ўжо ні войта, ані жабрака,
Затое ёсьць хамская ўлада -
Подласьць і здрада,
Хамская ўласьць -
Чорная масьць.

Хто ў гэтым вінаваты? Галеча наша вінавата. Бо хамская ўлада - улада ўчарашніх жабракоў, якія дарваліся да магчымасьці адпомсьціць усім за ўласную галечу, але больш культурнымі ад гэтага не зрабіліся.

Гляджу: што ні пан - то ўчарашні жабрак,
Падраныя боты, прыпалены фрак,
Але ж морду дуе, трымаецца так,
Як быццам шляхецкай крыві.

Справа ня ў тым, шляхецкая кроў цячэ ў жылах канкрэтнага чалавека ці кроў сялянская. Рэч у сьветаадчуваньні. Чалавек, які помсьціць усяму сьвету за свае падраныя боты, іншай улады, апроч як хамскай, ажыцьцявіць проста ня можа. Такая проза жыцьця.

Шалкевіч - страшны судзьдзя. Таму што ён - судзьдзя вясёлы. Ён чыніць свой суд над намі ўсімі так, што іншы раз і не разумеем мы, што з нас сьмяюцца.

Я помню той самы зьезд БНФ, на якім нечакана для ўсіх ня выбралі Зянона Пазьняка. У канцы першага дня зьезду на сцэну выйшаў Шалкевіч, прывычна трасянуў галавой, як жарабец, што застаяўся ў стойле ды нарэшце вырваўся на волю, і засьпяваў. Адну песьню, другую, трэцюю…

Трэцяя песьня была пра парсючка, якога чакае самае страшнае з хірургічных умяшаньняў:

Кастрацыя! Кастрацыя!
Чык! Чык! Чык!

Заля аплядзіравала ледзьве ня стоячы. Шалкевіч так пацешна круціў вачамі, паказваючы парсючкоў жах, што ніхто, заходзячыся з рогату, нават не ўслухоўваўся ў рытмічную аснову гэтага самага "Чык! Чык! Чык!". А дарма. Таму што менавіта гэтым рытмам пачаўся дзень таго зьезду БНФ - стоячы сьпявалі песьню Сокалава-Воюша: "Фронт! Фронт! Фронт!"

Песьня пра парсючка, як і многія іншыя Шалкевічавы песьні, аказалася прарочай. Зьезд на гэтым і закончыўся - дэ-факта: "Чык! Чык! Чык!"

Але там, як і ў выпадку зь няшчасным парсючком, - трагедыя. А вось, здавалася б, найчысьцейшы фарс - "Таварыш Сапега":

"Сплашное вакруг казнакрадзтва!
Кругом - свалач'ё і врагі!
Нет веры ў обшчэславянскае братства,
Туманяць народу мазгі!
Хранеець народ без работы!
Крэсьцянская гібне сяло!" -
І крупныя каплі крывавага поту
Яго арашалі чало.

Ня фарс. Тут трагедыя ўжо куды большая будзе - біблійная. "Таварыш Сапега" ўсьведамляе сябе мэсіяй, закліканым уратаваць свой народ, выкупіць яго няшчасьце. І буйныя каплі крывавага поту - не ад чырвонай шапкі (чытай: шапкі Манамаха!), а ад цярновага вянка, ад мукі з прычыны ўласнай велічы.

Пры гэтым Шалкевіч ня кпіць. Ён чалавек веруючы. У яго свой Бог - старэнькі, які ідзе па дарозе і застаецца непазнаным пастырам душ чалавечых, што абганяе Бога, седзячы за рулём "мэрсэдэса". Кожнага разу, калі бачу айца Фёдара Поўнага, які выходзіць з аўтамабіля, я ўспамінаю гэты верш (ня песьню - верш!) Віктара Шалкевіча. І робіцца страшна за старэнькага Бога: Шалкевіч паўтарае калізію легенды пра Вялікага Інквізытара Дастаеўскага. Не сумняваюся, што Вялікі Інквізытар у наш час таксама мусіў бы падкаціць да турмы, у якой пакутаваў Збаўца, ня менш як у "мэрсэдэсе". А чым там у Дастаеўскага скончылася, спадзяюся, чытачы ведаюць…

Але Шалкевіч верыць у дабро. Дабро ўвасабляе для яго сьвяты Мікалай - калядна-навагодні сьвяты, які зьяўляецца да дзяцей, каб хоць на хвілінку зрабіць іх шчасьлівымі.

Сівабароды добры дзед,
Ён не забыўся пра цябе,
Як і пра ўсіх - малых, лупатых і цікаўных.
Яму абрыднула язда,
І нам, бацькам, яго шкада,

А што рабіць? Яшчэ хвілінку пачакаем.
У гэтай гісторыі - два пункты гледжаньня, нібыта ілюстрацыя да тэорыі Марціна Бубера. Адзін пункт гледжаньня - бацькі, які апавядае гісторыю і добра ведае - як і ўсе дарослыя, - што сьвятога Мікалая не існуе. А ёсьць толькі артыст, якога нанялі (у найлепшым выпадку, у найгоршым - трохі падвыпіўшы сусед у касьцюме Дзеда Мароза). Ён адбудзе нумар, вып'е чарку і паедзе па наступным адрасе.

І ёсьць дзяўчынка. Якая, у адрозьненьне ад бацькі, ведае дакладна: сьвяты Мікалай існуе. Проста таму, што дабро павінна існаваць заўсёды. І Мікалай - яго ўвасабленьне. Не дарма пра яго хуткі прыход паведамляе дзяўчынцы анёл Гасподні.

Стары, дасьведчаны анёл,
Айца нябеснага пасол,
Штогод у наш дом з навінай добрай прылятае.
А ты, цікавая ўсяго,
Ізноў з пытаньнем да яго

Пра таямнічага сьвятога Мікалая.
І анёл адказвае ёй па сутнасьці.

Ёй - маленькай, цікаўнай, добрай. Ёй - можна адказваць па сутнасьці. А з дарослых можна і пасьмяяцца: "Чык! Чык! Чык!"

У Анатоля Франса ёсьць цудоўнае апавяданьне пра сярэдневяковага скамароха-жанглёра. У сьвята Багародзіцы ён ня мог нічога падарыць ёй, апроч свайго мастацтва. І ён падышоў да статуі Маці Божай і пачаў жангляваць адной рукой, стоячы на другой, - вось так, дагары нагамі. Прыёр хацеў прагнаць яго: маўляў, блюзьнерыць, пудзіла гарохавае! Але яго спыніў стары манах:

- Падрэ, няўжо вы ня бачыце?!

Побач з жанглёрам стаяла нябачная для сьмяротных Дзева Марыя і хусткай сваёй выцірала зь ягонага лба пот.

У Шалкевіча ёсьць свая Багародзіца - Беларусь. І ён ёй служыць як умее. І калі-небудзь, калі апроч дыскаў зь яго песьнямі выйдзе ў сьвет і яго кніга, ён прыйдзе ў храм да Свабоднай Беларусі, пакладзе кнігу да аўтара і сьпяе. Пра таямнічага сьвятога Мікалая. Пра старэнькага Бога, якога не пазнаў важны сьвятар у "мэрсэдэсе". Пра маленькую дзяўчынку Камінскую Е. І нават пра Ганку - дзеўку з Пагулянкі. І калі ён адкладзе ўбок гітару і схіліць калена, Найсьвяцейшая абавязкова сатрэ пот зь ягонага лба. Бо ён быў шчыры і верыў у Дабро.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0