Лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», паэт Уладзімір Някляеў, 9-га красавіка сустрэўся з беспрацоўнымі Салігорска.

Мерапрыемства, якое прайшло ў адным з начных клубаў горада, не вызначалася шматлюднасцю – акрамя прадстаўнікоў вышэйзгаданай грамадзянскай кампаніі і журналістаў на ім прысутнічала ўсяго чатыры жыхары Салігорска. Дзякуючы гэтаму кожны з тых, хто прыйшоў на сустрэчу з У.Някляевым, змог выказацца і паскардзіцца на свае праблемы.

Праблем у салігорцаў аказалася шмат і ў выніку сустрэча з абмеркавання праблемы беспрацоў’я ператварылася ў абмеркаванне праблем беларускай правінцыі ўвогуле. Прысутныя выказваліся на самыя розныя тэмы – ад карумпіраванасці мясцовых уладаў, да захапленняў моладзі наркотыкамі і ігравымі аўтаматамі.

Сустрэча ў Салігорску стала першай у шэрагу мерапрыемстваў, запланаваных кампаніяй «Гавары праўду» з мэтай абмеркавання праблемы адсутнасці працоўных месцаў. Плануемыя сустрэчы ўжо нават маюць агульную назву – «Сто твараў беспрацоў’я».

«Нам не даюць сустракацца, але мы стараемся рабіць гэта штодня. Сёння стала вядома, што БРСМ распачынае акцыю «Задай пытанне прэзідэнту», а гэта фактычна дубляванне нашай кампаніі «Гавары праўду». Улады перахапілі нашу ініцыятыву.
Гэта першая перамога. Раней з намі змагаліся забараняючы, а зараз у іх не засталося іншага выйсця як толькі капіраваць нашы крокі», – адзначыў У.Някляеў на сустрэчы з салігорскімі беспрацоўнымі.

Спадар Някляеў таксама паведаміў, што першы этап кампаніі «Гавары праўду» скончаны. Зараз распачынаецца наступны, галоўнай мэтай якога будзе дамагчыся ад уладаў прыняцця Закона аб малым і сярэднім бізнэсе. Паводле арганізатараў сустрэчы ў Салігорску, менавіта гэты закон здольны змяніць сітуацыю з беспрацоўем у краіне.

Што праўда, салігорскія беспрацоўныя ў гэтым не настолькі ўпэўненыя. У прыватнасці адзін з удзельнікаў сустрэчы – Рыгор Кулік – аспрэчыў любыя магчымасці ўздзеяння на беларускія ўлады.

«Толькі змена рэжыма можа нешта вырашыць у праблеме беспрацоў’я», – перакананы Р.Кулік, які ўжо шмат гадоў не можа знайсці працу праз сваю грамадскую актыўнасць.

На завяршэнне сустрэчы У.Някляеў выказаў упэўненасць у тым, што прадстаўнікі кампаніі «Гавары праўду» яшчэ наведаюць Салігорск і што наступныя сустрэчы прыцягнуць больш увагі гараджан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?