Беларускія ўлады, у адрозненне ад краін-суседзяў, пакуль не абвясцілі нацыянальнай жалобы. З прапановай зрабіць такі крок выступаюць шараговыя грамадзяне Беларусі.

Ірына Лаўроўская, гісторык і архітэктар з Брэста, напісала і скіравала ў Адміністрацыю Лукашэнкі ліст наступнага зместу:

«Паважаныя супрацоўнікі прыёмнай прэзідэнта Рэспублікі Беларусь! Звяртаюся да вас у справе, якая мяне і многіх беларусаў моцна ўзрушыла, закранула і асабіста, і па-грамадзянску. Беларусь сёння разам з польскім народам перажывае вялікі смутак і боль страты 96-ці годных сыноў і дачок Польшчы. Смуткуем таксама і спачуваем ў сувязі са смерцю прэзідэнта Леха Качынскага і ягонай жонкі.

Назіраем, як годна рэагуюць іншыя дзяржавы на боль Польшчы…

З вялікім здзіўленнем бачым, як наша краіна, найбліжэйшая да Польшчы і з пункту бачання гісторыі, і з пункту бачання геаграфічнага, абмежавалася дыпламатычнай дапамогай родным ахвяраў пры транзітным пераездзе мяжы…

Я адчуваю сорам за сваю краіну, кіраўнік якой мае неадпаведную высокаму становішчу грамадзянскую і чалавечую пазіцыю. Калі ласка, урэгулюйце праблему, зрабіце нейкія захады, каб Беларусь таксама абвясціла жалобу ў сувязі з трагедыяй пад Смаленскам», — піша яна ў прыватнасці.

Прэзідэнт Украіны Януковіч абвесціў панядзелак днём жалобы па ахвярах катастрофы самалёта з прэзідэнтам Польшчы. Ён заявіў пра гэта ў часе наведвання пасольства Польшчы.

Раней трохдзённую жалобу абвесціла Літва. У дзень пахавання жалоба будзе абавязваць у Славаччыне. Жалоба, па рашэнні Дзмітрыя Мядзведзева, абвешчана і ў Расіі. А прэзідэнт Грузіі пасмяротна прысвоіў Леху Качынскаму званне Нацыянальнага героя краіны.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?