Мінуўся больш за месяц з часу ўручэння прызу «Оскар», але засмучанасць прайгралых усё не змяншаецца. Акторка Сігорні Вівер, якая сыграла адну з галоўных роляў у стужцы «Аватар», сказала ў інтэрв’ю, што рэжысёр Джэймс Кэмэран не атрымаў оскараўскай статуэткі, бо зазнаў полавую дыскрымінацыю з боку сяброў журы, якія аддалі перавагу жанчыне перад мужчынам. Пра гэта паведаміў брытанскі «Тэлеграф».

На думку Вівер, уручаючы статуэтку за найлепшую рэжысёрскую працу, журы выходзіла найперш з таго, што ніхто з жанчынаў датуль не атрымліваў гэты прыз. «У Джэймса няма грудзей, і на маю думку прычына яго пройгрышу ў гэтым», — сказала Вівер.

Як вядома, гэтым разам прыз атрымала былая жонка Кэмэрана, Кэтрын Бігелоў за вайсковую драму The Hurt Locker/«Уладар буры», які цяпер дэманструецца на беларускіх экранах.

У дадатак, Вівер лічыць, што рашэнне ўручыць прыз «Уладару буры» ў намінацыі «Найлепшая стужка году» вынікае з перавагі, якую сябры журы аддаюць непрыбытковым стужкам. «Сёння гэта мода — уручаць прыз стужкам, якіх ніхто не бачыў», — дадала Вівер.

««Уладар буры» прынёс у пракаце менш за 20 мільёнаў (а многія краіны, у тым ліку і Беларусь у свой час яго проста не закупілі), тым жа часам як «Аватар» вярнуў сваім стваральнікам больш за два з паловай мільярды даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?