Сёньня наўрад цi каго можна зьдзiвiць шматлiкiмi фактамі парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Як мяркуе багата хто з праваабаронцаў, судзіцца зь дзяржаўнымi службоўцамi – усё роўна што прывучваць ваўка да вэгетарыянства. Больш за тое, беларусы практычна пазбаўленыя магчымасьцi абараняць свае правы ў мiжнародных судах, напрыклад, у Эўрапейскiм судзе па правох чалавека. Беларускiя апазыцыйныя палiтыкi часьцяком гавораць пра нейкую кару, якая нiбыта чакае ўсiх парушальнiкаў правоў чалавека ў Беларусi. Цiкава тое, што такiя выказы не пазбаўленыя юрыдычнага сэнсу.

Існуе невялiкая, але пэўная магчымасьць, скарыстаўшы зь якой, грамадзяне Беларусi могуць прыцягваць да грамадзянскай адказнасьцi беларускiх службоўцаў – парушальнiкаў асноўных правоў i свабодаў чалавека, а таксама – буйныя расейскiя кампанii, якiя падтрымлiваюць беларускую ўладу. Неверагодна, але факт: у некаторых выпадках грамадзяне Беларусi могуць падаваць грамадзянскiя пазовы да Лукашэнкi i «Газпрому» ... у амэрыканскi суд.

Амэрыканскi суд – навала для дзяржаўных катаў

Юрыдычны мэханiзм, якi дае права беларусам – як i грамадзянам iншых краiнаў – зьвяртацца ў фэдэральныя суды ЗША, быў створаны яшчэ 1789 г. Менавiта тады амэрыканскi Кангрэс ухваліў закон «Аб грамадзянскай адказнасьцi за шкоду iншаземцам», Alien Tort Statute, якi потым атрымаў шэраг iншых назваў (афiц. № 28 U.S.C. 1350; далей тут – «закон ATS»). Сутнасьць закону ў тым, што ён надае фэдэральным судам ЗША падведамаснасьць у грамадзянскiх справах на пазовы iншаземцаў аб прычыненьнi шкоды ў iх дзяржавах з прычыны грубых парушэньняў некаторых нормаў мiжнароднага права, у прыватнасьцi – асноўных правоў чалавека.

Закон практычна не працаваў да 1980 г., калi Вярхоўны Суд ЗША даў закону другое нараджэньне i распачаў эпоху жорсткай барацьбы памiж працiўнiкамi закону (збольшага – прадстаўнiкамi мiжнароднага бiзнэсу) i ягонымi прыхiльнiкамi (праваабарончымi арганiзацыямi ўсяго сьвету). Цiкава, што заўзятым ворагам такіх пазоваў ёсьць адмiнiстрацыя прэзыдэнта Буша, якая слушна адзначае, што судовая ўлада ЗША такiм чынам пагражае замежнапалiтычным стасункам краiны.

Аднак у 2004 г. Вярхоўны Суд ЗША зноў пацьвердзiў канстытуцыйнасьць закону ATS i тое, што суды ЗША могуць у некаторых выпадках разглядаць справы аб грубых парушэньнях правоў чалавека ва ўсiм сьвеце (гл. справу 2004 г. Sosa v. Alvarez-Machain, афiц. № 542 U.S. 692). Разам з тым судовая ўлада добра ўсьвядомлівае ўсю тонкасьць гэтай мiжнародна-праўнай праблемы i з гэтай прычыны строга абмяжоўвае тыя выпадкi, калi пазовы аб парушэньнях правоў чалавека замежнымi дзяржавамi могуць разглядацца ў судах ЗША. На сёньня покуль не iснуе вычарпальнага спiсу мiжнародна-праўных нормаў у галiне правоў чалавека, парушэньне каторых можа прывесьцi да пасьпяховага пазову замежнага грамадзянiна ў судовую ўстанову ЗША. Увадначас судовая практыка апошнiх дзесяцiгодзьдзяў вызначыла наступныя мiжнародна-праўныя правапарушэньнi, якiя могуць прывесьцi да такога пазову: генацыд, знiкненьнi людзей, катаваньнi, працяглае пазасудовае затрыманьне, пазасудовае забойства i шэраг iншых.

Цiкава, што пазовы ў амэрыканскiм судзе – справа дасягальная для звычайнага беларуса, таму што ў ЗША iснуе шэраг некамэрцыйных юрыдычных установаў, якiя гатовыя дапамагчы пазоўніку ў пэрспэктыўнай справе, а ў вынiку перамогi ў судзе – падзялiць грашовую кампэнсацыю. Цераз гэтую адноску можна знайсьцi сьпiс амэрыканскiх i мiжнародных установаў, якiя здольныя даць iнфармацыйную дапамогу ў гэтым пытаньні. Дарэчы, хто ж i калi можа быць адказчыкам у судах ЗША па разгляданых справах аб парушэньнях правоў чалавека?

Не хадзiце, дзецi, у ЗША гуляць

Першая група асобаў, якiя могуць стаць адказчыкамi ў судах ЗША, – гэта, напрыклад, службоўцы зь беларускiх уладных структураў усiх узроўняў, якiя патэнцыйна датычныя да парушэньняў правоў чалавека на Беларусi, а таксама беспасярэднія выканаўцы гэтых парушэньняў.

Бадай самай сур’ёзнай патэнцыйнай праблемай для пазоўнікаў у справах супраць беларускiх службоўцаў-парушальнiкаў мiжнароднага права ёсьць пытаньне тэрытарыяльнай падсуднасьці пазову амэрыканскаму суду. Паводле амэрыканскiх законаў, мясцовы суд мае прыняць справу да разгляду, калi фiзычная асоба атрымае копiю пазову непасрэдна на тэрыторыi ЗША. Добрыя навiны для пазоўніка: адказчыку дастаткова фiзычна зьявiцьца ў ЗША нават на хвiлiну, альбо нават... пралятаць у самалёце над тэрыторыяй ЗША (гл. справу 1959 г. Grace v. MacArthur, афiц. № – 170 F. Supp. 442). Галоўнае, каб прадстаўнiк пазоўніка пасьпеў падаць копiю пазову асабiста адказчыку, а ў тым разе, калi апошнi адпіраецца яе прыняць – вусна перадаць iнфармацыю аб надыходзячым судовым працэсе. Такiм чынам, напрыклад, былы лiдэр басьнiйскiх сэрбаў Караджыч, якога абвiнавачвалi ў этнiчных чыстках, атрымаў копiю пазову, калi ён часова спынiўся ў нью-ёрскiм гатэлi. Зрэшты, iснуюць дадатковыя правiлы тэрытарыяльнай падсуднасьці, паводле каторых суд ЗША можа браць на разгляд пазовы дадзенай катэгорыi.

Такiм чынам, некаторым беларускiм дзяржаўным службоўцам сьлед добра падумаць: цi варта iм наагул калi-небудзь ехаць ў ЗША. Натуральна, калі сумленьне чыстае, палохацца няма чаго: амэрыканскi суд шырока знаны дзеля свае прынцыповасьці i неперадузятасьці, што розьніць яго ад судовых установаў шэрагу iншых дзяржаваў.

Яшчэ адной «праблемай» для пазоўніка-беларуса ёсьць мiжнародна-праўны прынцып неўмяшаньня ва ўнутраныя справы, паводле якога дзяржаўныя службоўцы адной краiны ў пэўных сытуацыях маюць iмунiтэт проці пазоваў у судох іншае краiны. I калi на былых службоўцаў гэты iмунiтэт у разгляданым катэксте не распаўсюджваецца, то зь дзеючымi службоўцамi ў пазоўнікаў могуць паўстаць праблемы. У ЗША гэты прынцып уведзены ў нацыянальнае заканадаўства законам Foreign Sovereign Immunity Act. Аднак у некаторых разох дзеючы iншаземны службовец можа быць пазбаўлены iмунiтэту ад пазоваў у амэрыканскiм судзе, напрыклад, калi ён дзейнiчае па-за паўнамоцтвамі, дадзенымі яму нацыянальнай канстытуцыяй i законамi (гл. справу 2004 г. Jane Doe v. Lui Qi, афiц № – 349 F. Supp. 2d 1258). У якасьцi магчымага прыкладу давайце паспрабуем гiпатэтычна прыстасаваць гэтую норму да аднэй сытуацыi зь беларускай сучаснасьцi. Вядомы беларускi праваабаронца Г.Паганяйла выказаў меркаваньне, што калi А.Лукашэнка балятаваўся на трэцi прэзыдэнцкi тэрмiн, ён парушаў закон «Аб прэзыдэнце Рэспублiкi Беларусь», якi адпавядаў нават новай рэдакцыi Канстытуцыi i паводле якога адна асоба не магла быць прэзыдэнтам Беларусi больш за два тэрмiны запар.

Паводле такога меркаваньня, А.Лукашэнка ўзяў на сябе паўнамоцтвы, якiх яму не надавала беларуская дзяржава. Выглядае на тое, што амэрыканскi суд прынамсі прыслухаўся б да такога аргумэнту, разглядаючы пытаньне аб судовым iмунiтэце Аляксандра Рыгоравiча.

Беларусы могуць прававацца з «Газпромам» у Амэрыцы

Другая, больш прывабная група патэнцыйных адказчыкаў, якiх могуць судзiць у амэрыканскiх судох iншаземныя пазоўнікі, – транснацыянальныя карпарацыi (ТНК), якiя судзейнiчаюць рэжымам, абвiнавачаным у грубых парушэньнях правоў чалавека. Найшырэй знаны гiстарычны прыклад – справа нафтавай кампанii «Unocal», абвiнавачанай у шчыльных сувязях з урадам Бiрмы, якi груба парушаў нормы мiжнароднага права (ужываньне нявольнiцтва). Дзякуючы намаганьням праўнiкаў, «Unocal» дасягнула шматмiлённага пазасудовага пагадненьня з пазоўнікамі i ўнікла судовага прэцэдэнту, небясьпечнага для iншых ТНК.

Аналiз прэцэдэнтнага права ЗША сьведчыць аб тым, што пазоўнікамі ў амэрыканскiх судох могуць таксама стаць ТНК, якiя маюць расейскiя каранi, напрыклад, «Газпром». Пытаньне тэрытарыяльнай падсуднасьцi справы амэрыканскаму суду ў выпадку з ТНК можа вырашацца на карысьць пазоўніка на падставе так званай тэорыi «мiнiмальных бiзнэс кантактаў» з ЗША (гл., напрыклад, справу 1945 г. Int’l Shoe Co. v. Washington, афiц. № – 326 U.S. 310). Сутнасьць дадзенай тэорыi ў тым, што, як толькi замежная кампанiя пачынае займацца бiзнэсам на амэрыканскай зямлi цi нават гандляваць з амэрыканскiмi кампанiямi, яна робiцца дасягальнай для пазоваў, заснаваных на парушэньнях амэрыканскiх законаў, у гэтым разе – закону ATS. Таму дарэчы тут згадаць моцную зацiкаўленасьць «Газпрому» амэрыканскiм рынкам.

З аднаго боку, частка амэрыканскiх праўнiкаў абгрунтавана заклапочаная тым, што заканадаўства, накшталт закону ATS, можа стаць сур’ёзным ударам па разьвiцьцю амэрыканскай эканомiкi (гл. артыкул Hufbauer Gary. International Implications of the Alien Tort Statute, 16 St. Thomas L. Rev. 607). Але ж у той самы час у Кангрэсе i ў Вярхоўным Судзе ЗША ёсьць разуменьне, падмацаванае цiскам некамэрцыйных праваабарончых арганiзацыяў, што мусяць iснаваць пэўныя стрымлiваючыя юрыдычныя мэханiзмы, якiя не дазваляюць ТНК рабiць грошы «на людзкiх касьцях» у супрацы з дыктатарскiмi рэжымамi.

Менавiта з гэтай прычыны амэрыканскiя судзьдзi i заканадаўцы намагаюцца знайсьцi «салямонава рашэньне» ў пытаньнi грамадзянскай адказнасьцi карпарацыяў за суўдзел ў парушэньнях правоў чалавека. Паводле дасьледаваньня Бэт Стывэнз, прафэсара юрыдычнай школы ўнiвэрсытэту Rutgers Camden з штату Нью-Джэрзi, амэрыканскiя суды адмаўляюцца прыцягваць кампанii да адказнасьцi толькi на падставе факту iх бiзнэс-супрацоўнiцтва з «падазорнымi» ўрадамi. Аднак калi icнуе больш пэўная прычынная сувязь памiж дзеяньнямi кампанii i парушэньнямi правоў чалавека ў замежнай дзяржаве, дык карпарацыя можа быць прыцягнутая да грамадзянскай адказнасьцi. У гэтым зьвязку ўзгадаем шэраг пагадненьняў з удзелам «Газпрому» i ўраду Лукашэнкi, якiя адсутнасьцю эканамiчнай лёгiкi выклiкалi шок у многiх расейскiх экспэртаў (гл., напрыклад). На хвiлiну ўяўляючы сябе амэрыканскiм суддзёй, задамо сабе рытарычнае пытаньне: што гэта было – «толькi бiзнэс» цi cьвядомыя дзеяньнi, накiраваныя на падтрымку рэжыму, мэтай якога ёсьць поўнае вынiшчэньне палiтычнай апазыцыi на Беларусi?

Цi ёсьць шанец?

На думку аўтара гэтага артыкулу, якi прааналiзаваў дзясяткi рашэньняў судоў ЗША ў справах аб парушэньнях правоў чалавека, найбольш пэрспэктыўнымi для беларускiх пазоўнікаў могуць быць дзьве катэгорыi пазоваў да парушальнiкаў правоў чалавека на Беларусi. Па-першае, гэта справы аб найбольш абуральных парушэньнях правоў чалавека, напрыклад, па пазовах сваякоў вядомых беларускiх дзеячоў, якiя, магчыма, зьнiклi цi былi забiтыя з палiтычных матываў. Па-другое, гэта супольныя пазовы (т.зв. «class action») грамадзян Беларусi, якiя б аб’ядналi ў сабе менш абуральныя факты, але якiя утварылi б карцiну сур’ёзных i cыстэматычных парушэньняў правоў чалавека, напрыклад, магчымых дзеяньняў ўлады, накiраваных на cьвядомую дыскрымiнацыю беларускамоўнага насельнiцтва альбо зьнiшчэнне палiтычнай апазыцыi ў Беларусi.

Безумоўна, у кожным асобным разе патрабуецца ацэнка фактаў парушэньняў правоў чалавека ў Беларусi i iх аналiз праз прызму iснага прэцэдэнтнага права ЗША. Толькi такiм чынам магчыма вызначыць патэнцыяльную пасьпяховасьць канкрэтнага пазову. Зараз прыгадаем толькi некалькi апошнiх рашэньняў судоў ЗША, якiя, магчыма, зацiкавяць беларускiх праваабаронцаў.

У 2002 г. у справе Tachinova v. Zimbabwe Patriotic Front (афiц. № – 234 F.Supp. 2d 401) амэрыканскi суд дасьледаваў факты шматлiкiх парушэньняў палiтычных правоў i свабодаў грамадзян уладнай партыяй Зымбабвэ i вынайшаў, што такiя парушэньнi мелi cыстэматычны i абуральны характар i дастаткова груба парушалі мiжнароднае права. У вынiку суд прыняў гэтую справу да разгляду.

У 2004 г. амэрыканскi суд разглядаў справу па пазову сяброў забароненага ў Кiтаі прадэмакратычнага духоўнага руху Falun Gong да афiцыйных асобаў Кiтаю (афiц. № – 349 F. Supp. 2d 1258). Суд зрабiў выснову, што афiцыйныя асобы не абароненыя iмунiтэтам ад пазоваў у амэыканскiм судзе, таму што яны груба парушалi кiтайскую Канстытуцыю, дапусьцiўшы катаваньнi. Акрамя таго, паводле суду, катаваньнi былі даволi цяжкiм парушэньнем мiжнароднага права, i cуд прыняў гэтую справу да разгляду.

Шанец – ёсьць!

Безумоўна, iншаземнаму пазоўніку зусiм ня проста выйграць у амэрыканскiм судзе справу аб парушэньнях правоў чалавека, i толькi невялiкi адсотак пададзеных пазоваў завяршаецца вэрдыктам супраць адказчыкаў. У дадатак да цяжкасьцяў, аб якiх вялася гаворка вышэй, пазоўніку давядзецца сутыкнуцца зь iншымi працэсуальнымi перашкодамi, напрыклад, тэрмiнам даўніны пазову (паводле агульнага правiла – 10 год), дактрынай «палiтычнага пытаньня» (суд адпрэчвае пазоў з прычыны надта сур’ёзных замежнапалiтычных дэталяў справы), а ў некаторых разох i з патрабаваньнем праходжаньня унутрыдзяржаўных судовых установаў усiх узроўняў ў краiне, дзе былi парушаныя правы чалавека.

Нягледзячы на ўсе пералiчаныя складанасьцi, беларускiм праваабарончым арганiзацыям варта зьвярнуць пiльную ўвагу на дадзены сродак абароны правоў чалавека, якi ўважаецца за адзін з самых эфэктыўных праўных мэханiзмаў абароны правоў чалавека ў сьвеце. Ва ўмовах пагрозы дзяржаўнаму сувэрэнiтэту Беларусi перамогай будзе хоць бы тое, што грамадзяне, чые элемэнтарныя правы парушаныя, атрымаюць магчымасьць выказацца перад неперадузятым судом. Таксама было б вельмi цiкава паслухаць судовую ацэнку сьведчаньняў былых беларускiх службоўцаў, якiя не адмаўляюцца ад такiх сьведчаньняў (гл., напрыклад, кнiгу былога начальнiка менскага СIЗА А.Алкаева «Расстрельная команда»).

Акрамя таго, праўнiкi кожнай паважаючай сябе буйной мiжнароднай карпарацыi не абмiнаюць гаворкi пра магчымыя наступствы закону ATS для гэтых карпарацыяў. Калi расейскiя кампанii, якiя падтрымлiваюць рэжым Лукашэнкi, плянуюць выходзiць на рынкi ЗША, дык ім ня сьлед спадзявацца, што праблема закону ATS iх не закране.

Беларускiя праваабарончыя арганiзацыi здольныя ажыцьцявiць збор i ўпарадкаваньне фактаў парушэньняў правоў чалавека ў Беларусi, у той час як iх амэрыканскiя калегi здольныя зрабiць юрыдычную ацэнку гэтых фактаў i падрыхтаваць пэрспэктыўныя пазовы.

Разам з тым неабходна зразумець даволi простую рэч: у сучасным сьвеце грошаў i бiзнэсу анi Ўладзiмер Пуцiн, анi Эўразьвяз, анi Джорж Буш, анi нават Вярхоўны Суд ЗША ня зробяць, з уласнай iнiцыятывы, падарунку беларусам пад назвай «дэмакратыя». Каб здабыць сёньня права сваёй нацыi на iснаваньне, трэба самастойна шукаць i выкарыстоўваць любыя эфэктыўныя праўныя сродкi, адным зь якiх, безумоўна, ёсьць мэханiзм, апiсаны ў гэтым артыкуле.

Яўген Вайткевiч, выпускнiк Беларускага iнстытуту правазнаўства, студэнт 2-га курсу Юрыдычнай школы Seton Hall шт. Нью-Джэрзi, ЗША

P.S.: пытаньнi дасылайце электроннай поштай: [email protected]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?