«Толькі народ мае права спытаць з прэзідэнта. Ніякія банды, ніякія групы, ніякая апазіцыя — толькі народ», — заявіў Аляксандр Лукашэнка журналістам 18 красавіка падчас наведвання касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, каментуючы сітуацыю ў Кыргызстане. Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

Лукашэнка таксама падкрэсліў, што па-ранейшаму лічыць Курманбека Бакіева законным прэзідэнтам Кыргызстана. «Для мяне менавіта ён сёння з'яўляецца прэзідэнтам краіны», — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Паводле слоў Лукашэнкі, калі Бакіеў прыляціць у Мінск і захоча правесці прэс-канферэнцыю, «то ён будзе свабодна яе даваць, свабодна размаўляць». «І мы потым паглядзім, хто ў нас больш свабодная краіна: Беларусь або нейкія іншыя дзяржавы. Я думаю, ён шмат раскажа», — сказаў прэзідэнт.

Беларускі прэзідэнт не лічыць, што з прычыны прыняцця ў краіне Курманбека Бакіева ў Беларусі будуць праблемы ў адносінах з Бішкекам. «Па-першае, якія ж такія сур'ёзныя праблемы могуць у нас узнікнуць? Па-другое, няўжо Беларусь не выжыве з гэтымі цяжкасцямі: мы што, рухнем заўтра, калі ў нас ускладняцца адносіны з Кыргызстанам? І па-трэцяе, калі б сёння Курманбек Саліевіч быў у Беларусі, для кыргызстанскага часовага ўрада гэта было б на карысць, таму што калі ў Кыргызстане няма прэзідэнта, у іх рукі развязаны», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі зазначыў, што сёння пацвярджаецца тое, аб чым ён казаў раней. «Увесь поўдзень Кыргызстана палыхае. Людзі захопліваюць адміністрацыйныя будынкі ў Джалал-Абадзе, Ошы. Народ абараняе брата скінутага прэзідэнта і іншых яго сваякоў, — паведаміў Лукашэнка. —

І ў гэтым выпадку я хачу звярнуцца да кіргізскага народа: не дапусціце здрадніцтва свайму прэзідэнту. Гэта будзе самай жорсткай памылкай».

Як мяркуе прэзідэнт Беларусі, рэальным выйсцем з гэтай сітуацыі можа быць неадкладнае аб'яўленне датэрміновых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў і магчымасць браць у іх удзел «усім ахвотным, у тым ліку Курманбеку Бакіеву».

Ён дадаў, што «не варта давяраць тым подпісам пад заявай аб адстаўцы, якія сёння дэманструюцца ў СМІ». «Нават калі ён аб'явіў аб сваім сыходзе, вы ж разумееце, у якіх умовах гэта адбывалася. Калі ў яго на руках маленькія дзеці, сям'я, калі яго заціснулі ў гарах у блакаду і існуе пагроза грамадзянскай вайны. Вось у такой сітуацыі, у поўнай адзіноце і апынуўся гэты чалавек. Якое ён мог у такіх умовах прыняць рашэнне?» — сказаў Лукашэнка.

«Я ўпэўнены: калі б прайшло 2-3 гады, Кыргызстан стаў бы на ногі.
Справа ў тым, што гэта стратэгічна важная тэрыторыя, якую сёння разрываюць на часткі тыя, хто абвяшчае там свае «жыццёва важныя інтарэсы». Паўстае пытанне: а дзе ж тады інтарэсы кіргізскага народа? Вось у клубок усё гэта ўвязана — і гэта аснова таго, што народ збяднеў. Кыргызстан — бедная краіна. Гэта бедныя людзі, гатовыя сёння працаваць за кавалак хлеба. І замест таго, каб ваяваць там побач, у Афганістане, траціць мільярды долараў і забіваць людзей,
амерыканцы маглі б дапамагчы кіргізскаму народу, падняць гэтую краіну», — мяркуе Лукашэнка.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?