Вярхоўны суд, дзе працягваецца разгляд крымінальнай справы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, пачаў заслухоўваць апошнія словы абвінавачваных. Першым выступіў Мікалай Аўтуховіч.

Як паведаміў праваабаронца Вячаслаў Сіўчык, Аўтуховіч не прызнаў сваёй віны. «Ён вельмі падрабязна спыніўся на фактах карупцыі ў Гродзенскай вобласці», — сказаў Сіўчык. «Ён выступаў дзве гадзіны, і, такое ўражанне, што выклаў усё, што вядома, — нягледзячы на тое, што суддзя некалькі разоў спрабаваў яго перапыніць. Як заявіў Аўтуховіч,

гэты працэс — працяг яго пераследавання, якое пачалося яшчэ ў 2003 годзе, і ў яго пераследаванні зацікаўлены вельмі высокія чыноўнікі», — адзначыў Сіўчык.

З апошнім словам сёння выступіў таксама Міхаіл Казлоў. «Яго выступленне было больш юрыдычна аформлена.

Ён канкрэтна назваў артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія парушыла следства пры расследаванні справы.

Пры гэтым Казлоў высока ацаніў дзеянні пракурора Эльдара Сафарава. Ён працытаваў следчага Клачко, які гаварыў яму, што, калі ён спыніць крымінальную справу ў дачыненні да Аўтуховіча і Асіпенкі, то яго «не зразумеюць», — сказаў праваабаронца.

У другой палове дня прадоўжыцца заслухоўванне апошніх слоў абвінавачаных.

***

Нагадаем, абвінавачанымі па гэтай крымінальнай справе праходзяць прадпрымальнікі з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка, а таксама Аляксандр Ларын і Міхаіл Казлоў. Першых трох абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта ў дачыненні да намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко і былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі. Аўтуховіча і Асіпенку таксама абвінавачваюць у арганізацыі падпалу дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Сяргея Кацубы ў 2004 годзе.

Падпалкоўнік міліцыі Казлоў, былы кіраўнік упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю па Гродзенскай вобласці, абвінавачваецца ў тым, што ведаў аб планах падрыхтоўкі тэрарыстычнага акта, але не прыняў мер па яго прадухіленні.

16 красавіка пракурор Эльдар Сафараў запатрабаваў прыгаварыць Аўтуховіча да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, Асіпенку і Ларына — да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Для Міхаіла Казлова ён запытаў тры гады калоніі агульнага рэжыму без права займаць кіруючыя пасады.

Праваабаронцы лічаць гэтую крымінальную справу палітычна матываванай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?