Кажуць, пра нябожчыкаў - альбо добра, альбо ніяк. Але вось смерць Дзмітрыя Булахава ўсё ж наводзіць на роздумы і на тое, каб сёе тое сказаць. Нейкае страшнае атрымліваецца развітанне з той трохі раматычнай, трохі трагікамічнай, і шмат у чым трагічнай эпохай, якой быў пачатак 90-х, першыя крокі незалежнасці…

На сцэне ў Вярхоўным Савеце 13 склікання баль правілі Булахаў і Ганчар (і час ад часу Аляксандар Лукашэнка). Такія маладыя і перспектыўныя. Аўтару гэтых радкоў ужо болей, чым таму Булахаву ў 1992, калі ён завальваў рэферэндум аб новых выбарах… Тады сакратаркі ў будынку на Карлы Марлы 39 толькі і шапталіся, па словах Фядуты, хто будзе наступным прэзідэнтам - Віця ці Дзіма. Вось і няма - ні Віці - ні Дзімы. Ёсць, праўда, Віця і Дзіма Лукашэнкі. Але на тое, каб цяпер пашаптацца на Карлы Марлы 39 аб тым, хто з іх будзе наступным, новыя сакратаркі ўжо не хутка рашацца. Час іншы…

Я люта цярпець не мог усю гэтую троіцу. Яны занадта рана паказалі сабе цынічнымі прагматыкамі, якія за ўладу прададуць усё што спатрэбіцца. Як і чакалася, з іх далей за ўсіх пайшоў самы цынічны і прагматычны. Нажаль, супрацьстаялі ім з большага наіўныя рамантыкі… Наіўных прагматыкаў і цынічных рамантыкаў у Беларусі бракуе дагэтуль…

З Булахавым аўтару гэтых радкоў давялося сустрэцца адзін раз, у 1996-м у чэрвені. У канстытуцыйны суд яго не пусцілі, у парламент таксама, больш дакладна, «премудрый пескарь» хутка пралічыў, што парламент гэты разгоняць, і на перавыбары не пайшоў. У той час, Булахаў хацеў стварыць няўрадавую арганізацыю, прасіў дапамагчы шукаць партнёраў і спонсараў. У гатэлі Спутнік у Менску Булахаў сядзеў у кабінеце пад «Пагоняй»… Потым, прадказальна, заглох. «Пагоня» аказалася часовым антуражам - у гэтым быў увесь Булахаў…

Пасля таго, як самы спрытны стаў у доме гаспадаром і хуценька паказаў гэта ўсім, астатнія з той троіцы пайшлі рознымі шляхамі. Пра выбар і лёс Ганчара ўсім вядома. Стаўшы па сутнасці «анты-Ганчаром» у сваім жыццёвым выбары Дзіма па волі лёсу перажыў Віцю не так ужо і надоўга - а ўсяго пражыў толькі на чатыры гады больш… І неяк сімвалічна, што памерці яму давялося амаль акурат пад гадавіну па Ганчару. Ён выбраў пражыць гэтыя гады так, што і ўзгадаць аб ім (акрамя родных), амаль нічога. Гэта быў яго выбар.

Лёс не падманеш. Можна падмануць толькі сябе.

TOL Беларусь

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?