У нядзелю ў Беларусі адбудуцца мясцовыя выбары. Лукашэнкаўцы выпрабоўваюць на іх новую тэхналогію псеўдаальтэрнатыўнасці. Кандыдаты-начальнікі маюць спарынг-партнёрак медсясцёр і прадаўшчыц.

photo.bymedia.net

Гэтыя выбары стануць першымі, што пройдуць па ўдакладненым заканадаўстве. На мясцовых выбарах адмененая абавязковая планка ў 50% тых, хто прыйдзе на галасаванне. Г.зн. байкот мае толькі палітычны, а не юрыдычны сэнс. Дэпутаты ўсё адно будуць абраныя. Другога тура таксама не будзе: усе народныя абраннікі стануць вядомыя ўжо ў гэтую нядзелю.

У параўнанні з выбарамі трохгадовай даўніны нязначна ўзрос конкурс на адно месца. На 21 301 дэпутацкі мандат прэтэндуюць 25 033 кандыдаты. То бок сярэдні конкурс па краіне складзе 1,17 чалавека на месца, а ў 2007 годзе ён складаў усяго 1,05.

На мінулых выбарах безальтэрнатыўнымі былі 95% акругаў, цяпер усяго толькі 85%.

Асаблівы ж разгул дэмакратыі назіраецца ў Мінску — 3,9 чалавека на месца.

Абсалютна савецкая безальтэрнатыўнасць назіраецца на большасці ўчасткаў, дзе выбіраюцца дэпутаты ў сельсаветы.

Нягледзячы на скепсіс адносна выбараў — галасуй ні галасуй… — а

пазіцыя вылучыла больш за 400 сваіх кандыдатаў.

Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» — 99, Беларуская хрысціянская дэмакратыя — 82, Аб’яднаная грамадзянская партыя — 77, Рух «За Свабоду» — 65, Партыя БНФ — 33, Беларуская сацыял‑дэмакратычная партыя — 29, «Правы альянс» — 5, Беларуская сацыял‑дэмакратычная грамада — 2. Але вылучэнцы ад апазіцыі складаюць усяго толькі 1,5% ад агульнай колькасці зарэгістраваных.

Тры гады таму ад апазіцыі вылучалася 230 чалавек, і ў мясцовыя саветы яны змаглі правесці не больш за дзясятак чалавек. Перамаглі Аляксандр Агееў у Магілёве, Зміцер Кухлей — у Мастах.

У 2003, калі ад апазіцыі ішло блізу тысячы чалавек, і вынік быў зусім іншы. Дэпутатамі сталі больш за сотню чалавек. З той кампаніі ў палітыку стартавалі Алесь Міхалевіч, Юрась Губарэвіч, Алесь Зарэмбюк, Сяргей Салаш, якія змаглі вырасці ў моцных нацыянальных і рэгіянальных лідэраў.

У бой ідуць адны медсёстры

Цікавую тактыку прымянілі аршанскія гарадскія ўлады. Мясцовая кааліцыя АДС заклікала сваіх кандыдатаў не вылучацца ў дэпутаты. Чакалася, што выбары могуць быць цалкам безальтэрнатыўнымі. Не ўдалося. У супернікі асноўным праўладным кандыдатам былі вылучаныя… медсёстры.

Так, у Інструментальнай акрузе № 21 балатуецца дырэктар завода «Чырвоны барацьбіт» Аляксандр Шульгін і медсястра УАЗ «Аршанская цэнтральная паліклініка» Валянціна Салянікава.

У Партызанскай акрузе № 22 з намеснікам дырэктара механіка‑эканамічнага каледжа Таццянай Захаравай за мандат будзе змагацца медсястра Святлана Фядорчанка.

У Заслонаўскай акрузе №24 «спаборнічаюць» дырэктарка чыгуначнага тэхнікума Алена Казлова і зноў медсястра Іна Касухіна.

Такім чынам, пратэстна настроеныя выбарцы атрымліваюць псеўдаальтэрнатыву кандыдатам ад уладаў.

Псеўдаальтэрнатыўнасць у Горках і Жодзіне

Актывіст з Горак Ілля Заранок кажа, што нешта падобнае назіраецца ў Дрыбінскім і Мсціслаўскім раёнах, дзе вылучэнцаў ад апазіцыі няма зусім. «Па акрузе вылучаюцца, скажам, два пенсіянеры, два дырэктары, два бээрэсэмаўцы», — кажа І.Заранок.

У саміх Горках балатуюцца тры актывісты: Галіна Будная (БНФ), Эдуард Брокараў (БНФ), Жанна Шчарбініна (БХД).

Абсалютна ва ўсіх 34‑х акругах будзе канкурэнцыя ў Жодзіне. Але там так лёгка і не вызначыш, хто ж з’яўляецца кандыдатам ад улады. Спаборнічаць будуць намеснік дырэктара Жодзінскай ЦЭЦ і начальнік службы эксплуатацыі раённага ўпраўлення «Смалявічырайгаз», дырэктар сацыяльна‑педагагічнага цэнтра і дырэктар завода, начальнік аддзела дазнання гарадской міліцыі і дырэктар прадпрыемства ЖКГ.

Нешматлікім апазіцыянерам таксама паставілі па два супернікі — сябра АГП Аляксандр Валчанін балатуецца ў адной акрузе з дырэктарам прадпрыемства і начальнікам цэха, а лідэр руху ветэранаў Афганістана Аляксандр Камароўскі — з начальнікам тэхбюро БелАЗа і дырэктарам гімназіі.

У суседнім Барысаве з 34 акруг толькі ў трох будзе альтэрнатыва.

Аматара Сталіна не зарэгістравалі

У Мазыры быў зарэгістраваны палітрэкрут Франак Вячорка. Сваю кампанію хлопец пачынаў яшчэ, калі быў звычайным радавым. У наступны дзень пасля камісавання Франак зноў накіраваўся ў Мазыр, каб весці агітацыю. Супернікам Вячоркі па акрузе будзе дырэктар спартыўна‑гарналыжнага комплексу Каробкін.

У Мазыры таксама яшчэ зарэгістраваны Сяргей Лапуста з АГП, які будзе змагацца з бізнесменам Чабанянам (яму належыць сетка аптэк).

Цікавы выпадак адбыўся ў Свіслачы (Гродзенская вобласць), дзе не зарэгістравалі былога старшыню райвыканкама Анатоля Кузьму. Гэты чалавек быў вядомы тым, што ініцыяваў усталяванне ў мястэчку адзінага ў краіне помніка Іосіфу Сталіну.

Феномен Валабуева

У Салігорску актыўна праходзіць выбарчая кампанія Аляксея Валабуева. «Малада¬фронтавец» узяў і выклікаў на дэбаты свайго суперніка — вайсковага камісара Валера Заінчкоўскага. А ён вазьмі ды пагадзіся. Дэбаты прайшлі 20 красавіка ў Доме будаўнікоў.

І адна Карач

У Віцебску ва ўсіх 40 акругах ёсць вылучэнцы ад улады. Палова з іх — гэта дырэктары прадпрыемстваў і іх намеснікі, а таксама пяць галоўных дактароў мясцовых бальніц і паліклінік. Акрамя таго, у кандыдатах у дэпутаты ёсць прарэктар ВНУ, камандзір вайсковай часці і вайсковы камісар, начальнік пажарнага аварыйна‑выратавальнага атрада «Віцязь». Ад апазіцыі ў Віцебску ідзе Вольга Карач з АГП.

У Наваполацку ўсе 65 кандыдатаў (на 34 месцы) беспартыйныя. Тут кандыдатам‑начальнікам таксама паставілі ў супернікі настаўнікаў, выхавацелек дзіцячых садкоў і прадаўшчыц.

Абсалютна безальтэрнатыўныя раёны ёсць як у традыцыйна нацыяналістычных рэгіёнах на Захадзе краіны (Астравец, Столін), так і ў гомельскім апірышчы лукашэнкаўцаў (Акцябрскі, Чачэрск).

У Баранавічах з дзесяці апазіцыянераў зарэгістраваны толькі адзін.

На мінулых мясцовых выбарах яўка грамадзян склала крыху больш за 70%. Цяжка паверыць, што сёлета, без прыцягнення адміністратыўнага рэсурсу, яна можа быць большай.

Зміцер Панкавец

* * *

Востраў імітацыйнай дэмакратыі

З 57 мінскіх выбарчых акругаў няма ніводнай безальтэрнатыўнай. У сталіцы створаная бачнасць барацьбы. Апазіцыя ў Мінску выставіла, у асноўным, моладзь.

Адна з найбольш цікавых акруг у Мінску — Машэраўская №47. Напэўна, такога ў нас яшчэ не было, каб у адным выбарчым бюлетэні былі адначасова прозвішчы мужа і жонкі. А вось у гэтай акрузе менавіта так. У гарсавет балатуюцца Аляксандр і Таццяна Куўшынава.

Кампанія ў апошняй была досыць актыўная. Цэнтр Мінска быў завешаны плакацікамі «Наша Таня :)». Куўшынава ідзе на выбары з лозунгам «Хараство выратуе Мінск». Дзяўчына досыць актыўная ў сацыяльных сетках, мае ўласны сайт. Кампанія праходзіць цалкам на расійскай мове. Напэўна, менавіта Куўшынава і ёсць адной з найбольш яркіх кандыдатак на гэтых выбарах.

Таксама ў Машэраўскай акрузе ідзе сябар лукашэнкаўскай Кампартыі Юры Васкрасенскі. У свой час ён вылучаўся на парламенцкіх выбарах па адной акрузе з лідэрам былога ПКБ Сяргеем Калякіным. Перамагчы абодва кандыдаты не змаглі, але вось галасоў Васкрасенскі ў сустаршыні АДС адцягнуў.

Кірыла Баравік прадстаўляе ліберальна‑дэмакратычную партыю. На ўлётках кожнага ліберал‑дэмакрата зверху змешчаны партрэт іхняга правадыра Сяргея Гайдукевіча з подпісам, што гэта будучы кандыдат у прэзідэнты. Дарэчы, большасць кандыдатаў ад ЛДПБ маюць сталую працу — сталяр, кантралёр завода, індывідуальны прадпрымальнік і нават стралок аховы Беларускай чыгункі. А вось апазіцыянеры часта ідуць на выбары як вымушана беспрацоўныя.

Лідэру Партыі БНФ Аляксею Янукевічу ў Галадзедаўскай акрузе процістаіць начальнік аўтапарка №6 Аляксандр Цішкевіч. Трэцяй будзе 19‑гадовая Вольга Бягун з ЛДПБ.

У былога палітвязня Артура Фінькевіча таксама два супернікі — дырэктар гандлёвага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Універмаг «Беларусь» Мікалай Мятліцкі і вадзіцель Дзмітры Мальчэўскі (зноў ЛДПБ).

А вось у старшыні незарэгістраванай Партыі свабоды і прагрэсу Уладзіміра Навасяда супернікаў у Пляханаўскай акрузе больш. Тут і 19‑гадовы студэнт Маскоўскага ўніверсітэта эканомікі Аляксей Рашэтнік, галоўны доктар цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Віктар Жукоўскі, інжынер‑электронік політэхнічнай гімназіі №6 Мікалай Дылько, прадавец прадпрыемства «Прадукты і напоі» Вераніка Раманчык.

Вядомы змагар з п’янствам, бацька пяці дзяцей, сябар Хрысціянскай дэмакратыі Леанід Скарабагаты балатуецца ў Кастрычніцкай акрузе №17. Разам з ім у бюлетэнях значацца член БРСМ Уладзімір Цюхай (пра яго мы пісалі ў №14), старшыня прафкама Завода паўправадніковых прыбораў навукова‑вытворчага аб’яднання «Інтэграл» Галіна Марціновіч.

Бізнесмен Юрый Данькоў, які спрабаваў вылучыцца на прэзідэнцкія выбары ў 2001 годзе, спрабуе прабіцца ў гарсавет у Купрыянаўскай акрузе. Тут ён змагаецца з намеснікам начальніка «Мінскага метрапалітэна» Анатолем Сарокіным.

Юрасю Меляшкевічу з Руху «За Свабоду» давядзецца, як і Аляксею Янукевічу, супернічаць з дырэктарам аўтапарка. Міхаіл Марцуль узначальвае аўтобусны парк №5.

Ажно восем прозвішчаў будзе ў бюлетэнях жыхароў Сухараўскай акругі. Там балатуецца палітолаг, сябра Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец. Выглядае на тое, што кандыдатам ад улады па акрузе ідзе дырэктарка сярэдняй школы №158 Марына Мушніцкая.

Таксама на гэтай акрузе будзе адразу тры кандыдаты маладзейшыя за 30 гадоў: вядучы інжынер прадпрыемства «ПромМВТ» Арцём Арлоў, галоўны бухгалтар замежнага ТАА «Хлебадар» Ганна Гаршкова і дырэктар Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Арцём Шаркоў. На трох маладых адзін пенсіянер — 76‑гадовы Віктар Кавалькоў з апазіцыйнага «Справядлівага свету».

Зноў у дэпутаты спрабуе трапіць былы сацыял‑дэмакрат Уладзімір Нісцюк, які першы загаварыў пра дыялог апазіцыі з уладай. У Нісцюка супернікамі будуць як дырэктарка школы №125 Таццяна Берасцевіч, так і юная сяброўка АГП Ганна Ягорава.

Кіраўнік мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч балатуецца ў Старавіленскай акрузе. Галоўным ягоным канкурэнтам выступае памочнік дэпутата палаты прадстаўнікоў Георгій Атаманаў, сябра КПБ.

Ідуць на выбары не толькі прафесійныя палітыкі. Зарэгістраваўся ў Нававіленскай акрузе намеснік дырэктара выдавецтва «Галіяфы» Міхась Башура. Ад улады па гэтай акрузе ідзе старшыня рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў Сяргей Халява. А ад апазіцыі — Віталь Стажараў з АГП.

У Мірашнічэнкаўскай акрузе балатуецца Вінцук Вячорка з Партыі БНФ. Разам з ім ідуць яшчэ два партыйцы — Уладзімір Галабурда (Партыя працы і справядлівасці) і Эдуард Кузняцоў (ЛДПБ).

Намеснік Калякіна па «Справядлівым свеце» Валеры Ухналёў зарэгістраваны ў Акадэмічнай выбарчай акрузе, былы палітвязень Зміцер Каспяровіч — у Куйбышаўскай.

Ну а выбарцы Трактаразаводскай акругі змогуць прагаласаваць за сапраўднага графа. Па спісах БХД тут ідзе Аляксандр Прушынскі.

ЗП

* * *

Уладныя кандыдаты дэманструюць высокія прыбыткі

Традыцыйна малацікавая як шараговым выбаршчыкам, так і многім палітыкам выбарчая кампанія ў мясцовыя саветы сёлета выклікала ўсплёск цікавасці. А падагрэлі яе публікацыі ў мясцовых афіцыйных выданнях дэкларацый сукупных гадавых заробкаў зарэгістраваных кандыдатаў.

Выявілася, што розніца паміж заробкамі кандыдатаў сягае сотні разоў. Звышпрыбыткі (па беларускіх мерках) прадэманстравала начальства.

130‑мільённы гадавы заробак прарэктара Гомельскага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Сяргея Ханені выклікаў сапраўдны фурор у выбарцаў. І не дзіва — месячны заробак прарэктара большы за гадавую пенсію ягонага канкурэнта ад апазіцыі 73‑гадовага сябра партыі «Справядлівы свет» Анатоля Ільінчыка.

92 мільёны задэклараваў дырэктар Гомельскага хімзавода Ігар Ляшэнка, 84 мільёны ў гендырэктара лікёра‑гарэлачнага завода Галіны Кардасевай, 81 мільён у дырэктара фабрыкі «Спартак» Алесі Самсонавай і г.д.

Ажыятаж вакол заробкаў гомельскіх чыноўнікаў і функцыянераў насцярожыў іх калегаў з Гродна.

Нумар «Гродзенскай праўды» са звесткамі пра заробкі кандыдатаў не паступіў у вольны продаж, азнаёміцца з імі можна толькі ў бібліятэках.

Адшукаць звесткі пра заробкі кандыдатаў у дзяржаўных выданнях не так проста: многія раёнкі надрукавалі звесткі пра патэнцыйных народных абраннікаў, але «забылі» пазначыць іх даходы. А многія газеты адмовіліся друкаваць падобную інфармацыю, матывуючы гэта вялікай колькасцю кандыдатаў і, адпаведна, адсутнасцю вольнага месца на палосах.

Лідэрам сярод гродзенцаў стаў гендырэктар «Гроднажылбуда» Олеш Ушкевіч — 119 мільёнаў. Гадавы заробак рэктара Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы выглядае сціпла ў параўнанні заробкам гомельскага прарэктара — «усяго» 79 мільёнаў.

Імаверна, такія заробкі тыповыя для лукашэнкаўскай дробнай наменклатуры.

Варта адзначыць, што згодна арт. 68 Выбарчага кодэкса, размяшчэнне ў СМІ звестак пра зарэгістраваных кандыдатаў, у тым ліку і пра іх сукупны гадавы прыбытак, абавязковае. У выпадку немагчымасці публікацыі гэтай інфармацыі ў газетах, выбарчыя камісіі абавязаныя данесці яе да выбаршчыкаў іншым спосабам. Напрыклад, размяшчэннем гэтых звестак на агітацыйных плакатах.

Сямён Печанко

Топ‑5 кандыдатаў у дэпутаты з самымі высокімі заробкамі

130 млн. — Сяргей Ханеня, прарэктар Гомельскага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны

119 млн. —Олеш Ушкевіч, гендырэктар «Гроднажылбуда»

116 млн. — Мікалай Патрончык, начальнік Круглянскага ПМК‑266

102 млн. — Сяргей Сасноўскі, генеральны дырэктар РУП «Гомельтранснафта» «Дружба»

92 млн. — Ігар Ляшэнка, дырэктар ААТ «Гомельскі хімічны завод»

Паводле звестак, размешчаных у рэгіянальных СМІ, даступных »НН»