У Расіі рыхтуюцца да перапісу насельніцтва. Статыстыка падрыхтавала спіс магчымых нацыянальнасцяў і этнасаў. Сярод іх як мінімум шэсць — беларускіх.

Гэта яшчэ што: у адпаведнасці з загадам расійскага Міністэрства статыстыкі №74 у спіс расійскіх нацыянальнасцяў уключаныя кацапы, індабразільцы, «савецкія», а нават халдзеі і фараоны. Цікава, што, паводле расійскіх дзяржстатыстаў, «жыхары свету» і «грамадзяне Сусвету» — асобныя групы, як і «маларосы» з «хахламі».

Уключэнне гэтых экзатычных нацыянальнасцяў у спіс — улік досведу мінулых перапісаў, падчас якіх жыхары РФ займаліся інтэнсіўнай самаідэнтыфікацыяй.

Нашы крэўныя тут не выключэнне.

У паперах расійскіх статыстаў у асобныя групы выдзеленыя «беларусы» і «белорусы», ёсць такія этнасы, як «берасцейцы» і «пінчукі».

Нават расійскія палякі падзеленыя па прынцыпе беларускамоўнасці на «палякаў (з любой мовай, акрамя беларускай)» і «палякаў (з беларускай мовай)».

Статус асобнай нацыі атрымалі нават беларускамоўныя чалдоны.

Чалдонамі ў ХІХ ст. называлі ў Сібіры перасяленцаў з еўрапейскай часткі Расійскай імперыі, у тым ліку з Беларусі. Слова гэта мангольскае і значыць «бадзяга». Цікава, што дзе‑нідзе ў Беларусі «чалдонамі» называюць прыезджых з Расіі.

Сустракаюцца і «мінскія башкіры» і, не пераблытайце, «башкіры мінскія» -- праўда, ні тыя ні тыя дачынення да Беларусі не маюць.

А яшчэ ў спісе Расстату фігуруе нацыянальнасць х.й. І гэта не тыя, хто «супраць усіх». Гэта этнічная група кітайцаў, якія вызнае іслам. Асобным этнасам іх прызнавалі яшчэ ў савецкі час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?