Пасьля закрытай нарады калегія Эканамічнага суду СНД пастанавіла прыняць да вытворчасьці пазоў афіцыйнага Менску да Расеі аб скасаваньні расейскага мыта на нафтапрадукты, якія паступаюць у Беларусь.

Цяпер калегія суду цягам 30 дзён правядзе распарадчае пасяджэньне, на якім вырашыць пытаньні, зьвязаныя з падрыхтоўкай справы да разгляду. Пасьля гэтага будзе прызначана дата судовага разьбіральніцтва. Пакуль ніхто ў судзе ня можа сказаць дакладна, колькі працягнецца працэс. Падчас падрыхтоўкі справы для разгляду бакі павінны падаць дадатковыя дакумэнты.

Калегія суду вызначыла, што, да прыкладу, беларускі бок павінен падаць у суд копію адказу прэм’ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна на ліст беларускага прэм’ера Сяргея Сідорскага ад 30 студзеня гэтага году. А таксама копію ліста віцэ-прэм’ера Расеі Ігара Сечына ад 1 сакавіка гэтага году. Расейскі ўрад павінен падаць у суд інфармацыю пра парадак разьмеркаваньня ў бюджэты абедзьвюх краінаў экспартнага мыта, якое бярэцца з прадукцыі, якая вырабляецца ў Беларусі з расейскай сыравіны.

Судзьдзя-дакладчык па справе Сабіт Жалдыбаеў, які прадстаўляе Казахстан, адзначыў, што афіцыйны Менск просіць Эканамічны суд канстатаваць факт парушэньня Расеяй міжнародных абавязацельстваў:

«Апроч гэтага заяўнік просіць, каб суд рэкамэндаваў Расеі прыняць меры па адмене вывазнога мыта на нафтапрадукты, якія вывозяцца з тэрыторыі Расеі ў Беларусь».

Нарада калегіі суду была закрытай і працягвалася больш за дзьве гадзіны. Пасяджэньне вёў старшыня суду Файзуло Абдулоеў (судзьдзя ад Таджыкістану)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?