Cёньня адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэньня прэміі імя Зьмітра Завадзкага ляўрэатам 2006 году. Гэтым разам прэміі расейскага каналу ОРТ атрымаюць карэспандэнт «Комсомольской правды» Алег Улевіч, рэдактар газэты «Наша Ніва» Андрэй Дынько і фотакарэспандэнт газэты Юлія Дарашкевіч.

На цырымоніі ўручэньня прэміі будуць прысутнічаць журналісты і грамадзкія дзеячы. Першы расейскі канал ОРТ будзе прадстаўляць Павал Шарамет. Мы зьвязаліся зь ім па мабільным тэлефоне, калі ён быў у дарозе:

(Шарамет: ) «У гэтым годзе гэта будзе ўжо сёмая па ліку прэмія, якую ўручае Першы канал і Беларуская асацыяцыя журналістаў, а таксама ўпершыню й фонд імя Зьмітра Завадзкага, які быў заснаваны ягонымі сваякамі і сябрамі. Для журналістаў Першага тэлеканала прэмія Зьмітра Завадзкага – гэта вельмі важная адказнасьць перад памяцьцю выкрадзенага ў Беларусі нашага сябра. Мы вельмі сур’ёзна і адказна ставімся да гэтай прэміі, намагаемся, каб яна штогод была разнастайнай. Я ўпэўнены, што традыцыя ўзнагароджваць лепшых беларускіх журналістаў прэміяй імя Зьмітра захаваецца й ў будучыні».

Прэмію ініцыявалі 6 гадоў таму журналісты Першага каналу, калегі апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Нагадаем: 7 ліпеня 2000г. невядомыя выкралі журналіста. Лёс Зьмітра Завадзкага дагэтуль невядомы. У выкраданьні апэратара ОРТ абвінавацілі былых байцоў спэцпадразьдзяленьня «Алмаз» на чале з Валерыям Ігнатовічам. Але на судзе так і не прагучаў адказ на пытаньне: «Дзе знаходзіцца Зьміцер?».

Прэмію штогод уручаюць беларускім апэратарам, фотакарэспандэнтам і журналістам за прафэсіяналізм і мужнасьць. Сёлета ў часе выбарчай кампаніі байцы спэцназу міліцыі затрымалі дзясяткі журналістаў, у тым ліку замежных. 2 сакавіка Алега Ўлевіча – карэспандэнта газэты «Комсомольская правда в Белоруссии» ў часе затрыманьня каля будынку міліцыі Кастрычніцкага раёну спэцназаўцы ўдарылі тварам аб аўтобус. У выніку ў Алега быў зламаны нос, але пракуратура не прыцягнула да крымінальнай адказнасьці вінаватых. Алег Улевіч сказаў некалькі словаў Радыё Свабода:

(Улевіч: ) «Гэтая прэмія добрая маральная падтрымка для незалежных журналістаў, якім неабходна адчуваць, што аб’ектыўная інфармацыя неабходна грамадзтву, што мае сэнс ахвяраваць сваёй бясьпекай, каб убачыць і расказаць праўду.

Рэдактара газэты «Наша Ніва» Андрэя Дынько затрымалі, калі ён выходзіў з аўтобуса на Кастрычніцкай плошчы. Андрэй меў пры сабе торбы з гарачай кавай і бутэрбродамі для ўдзельнікаў акцыі. Міліцыянты абвінавацілі журналіста, як і некалькі сотняў іншых затрыманых, у дробным хуліганстве. На судзе міліцыянты казалі, што рэдактар нецэнзурна лаяўся. У выніку Андрэй Дынько адседзеў 10 сутак у турме на Акрэсьціна. Рэдактар у размове ўзгадаў, што газэта выходзіць у вельмі цяжкіх умовах: ад пачатку году яна выдалена з каталёгу падпісных выданьняў і не распаўсюджваецца ў шапіках.

(Дынько:) «У нашых умовах прафэсіяналізм – гэта сумленьне і вера. Гэтая прэмія – яна нават ня мне і нават не журналістам нашай газэты. Сёньня гэта прэмія нашым чытачам, тым тром тысячам сем’ям, якія ахвяруюць на выданьне газэты. Гэта яны трымаюць сёньня на сваіх мазалях газэту «Наша Ніва».

Урачыстая цырымонія, на якой Алег Улевіч, Андрэй Дынько і Юлія Дарашкевіч атрымаюць свае ўзнагароды, пачнецца ў 15 гадзін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?