Першаверасьнёўская акцыя на плошчы Якуба Коласа з «катаваньнем» падручніка з гісторыі Беларусі выклікала нэрвовую рэакцыю ўладаў. Сюжэт з камэнтарамі Мікалая Чаргінца БТ паказала некалькі разоў. У ім М.Чаргінец, стоячы на плошчы Якуба Коласа, распавядае пра тое, што тут у часе вайны немцы катавалі партызанаў і падпольшчыкаў. «Тут стаялі немцы у наваксаваных, памятаю, ботах, – (сп.Чаргінец нарадзіўся 17 кастрычніка 1937 г.) прыгадвае ён. – І паліцыянты нашыя з павязкамі чырвона-бела-чырвонымі». І тут жа праводзіць паралель з акцыяй 1 верасьня. «Гэта выпадак звышжорсткі, звышсвалачны, звышздрадніцкі. На гэтым сьвятым месцы, дзе пралівалі кроў нашы грамадзяне, адчуваючы несправядлівасьць, ізноў была ўсталяваная шыбеніца». Далей старшыня «правільнага» пісьменьніцкага саюзу, не шкадуючы выразаў кшталту «сукін сын», «ублюдак», прадэманстраваў не абы якое веданьне сусьветнай гісторыі:

«Малойчык, на ім, канечне, была павязка бел-чырвона-белая, ён прыкрыў свой твар, маючы вялікі вопыт, балахонам ку-клукс-кланаўца. І што ж ён зрабіў? Усталяваў тут шыбеніцу і павесіў на ёй падручнік з гісторыі Беларусі. Навошта? Нездарма на ім гэты балахон. У гісторыі кнігі ўжо палілі ў фашысцкай Германіі. А гэты прыйшоў, ублюдак, усталяваў шыбеніцу».

Нагадаем, што 1 верасьня на плошчы Якуба Коласа была праведзеная акцыя на знак пратэсту супраць выкладаньня гісторыі Беларусі па-расейску. Малады чалавек, апрануты ў чырвона-зялёную вопратку, сымбалізаваў сабою ката. У ролі ахвяры выступіў імправізаваны падручнік з гісторыі Беларусі – дысцыпліна, якую ў хуткім часе маюць перакласьці на расейскую мову.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?