На першых выбарах незалежнай Чарнагорыі перамогу атрымалі кіруючыя сілы, якія колькі месяцаў таму правялі да незалежнасьці ад Сэрбіі.

Паводле папярэдніх вынікаў, сацыял-дэмакратычная кааліцыя прэм’ера Міла Джуканавіча атрымала 41 месца ў парлямэнце з 81 месца – большасьць, якая дазваляе самастойна фармаваць урад. Ня спраўдзіліся надзеі апазыцыі, што ўжо шмат год беспасьпяхова спрабуе адхіліць Джуканавіча ад улады.

44-гадовы прэм’ер, майстар крутых паваротаў у палітыцы, ва ўладзе знаходзіцца ўжо 16 год. Галоўным ягоным цяперашнім козырам побач з надзеяй на хуткае ўступленьне ў Эўразьвяз і NATO ёсьць рэкордная колькасьць турыстаў з Заходняй Эўропы (у гэтым годзе 900 тыс. заходніх турыстаў пакінула ў маленькай Чарнагорыі 300 млн. эўра).

Нядзельнае галасаваньне прайшло спакойна. Адзіным інцыдэнтам быў арышт 14 чарнагорскіх альбанцаў, названых у паведамленьні паліцыі тэрарыстычнай групай, што хацела сарваць выбары. Альбанскія партыі ў сваю чаргу назвалі гэтае здарэньне «палітычнай правакацыяй».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?