Сёння часовы ўрад Кыргызстана апублікаваў праект новай канстытуцыі, паводле якога краіна становіцца парламенцкай рэспублікай.

Згодна з праектам, Жагорку кенеш — парламент Кыргызстана — будзе абірацца тэрмінам на 5 гадоў. Палітычная партыя, якая атрымала больш за палову дэпутацкіх мандатаў у парламенце, вылучае кандыдата на пасаду прэм’ер‑міністра, які павінен цягам 10 працоўных дзён атрымаць згоду парламента на прапанаваную ім структуру і склад урада. У выпадку нязгоды парламента з прапанаванай структурай і складам урада прэзідэнт фармуе ўрад і аб’яўляе датэрміновыя выбары ў парламент.

Пры гэтым парламент краіны можа быць распушчаны толькі рашэннем аб самароспуску, якое павінна быць прынятае не менш чым двума трацінамі галасоў ад агульнай колькасці народных выбраннікаў. У гэтым выпадку прэзідэнт прызначае датэрміновыя выбары дэпутатаў парламента.

Сам кіраўнік дзяржавы абіраецца таксама на пяць гадоў, пры гэтым адзін і той жа чалавек не можа быць абраны прэзідэнтам на два тэрміны запар.

У канстытуцыі пацверджана прыхільнасць мэты пабудовы свабоднага і дэмакратычнай дзяржавы, заснаванай на павазе і абароне правоў чалавека.

Дзяржаўнай мовай Кыргызстана з’яўляецца кіргізская, а ў якасці афіцыйнай мовы ўжываецца расійская мова.

Усенароднае абмеркаванне праекта канстытуцыі працягнецца да 14 мая. Рэферэндум па прыняцці Асноўнага закона плануецца 27 чэрвеня. Прэзідэнцкія і парламенцкія выбары адбудуцца 10 кастрычніка 2010г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?