Фотарэпартаж з Шэсця
20:15
«Чарнобыльскі шлях - 2010» завершыўся хвілінай маўчання, а таксама прачытаннем малітвы «Ойча наш» і спяваннем гімна «Магутны Божа».
Акцыя прайшла без эксцэсаў, міліцыя была настроена досыць добразычліва і карэктна.
20:04
Удзельнікі акцыі дайшлі да Чарнобыльскай капліцы, што ў Парку Дружбы Народаў. Але падышлі не да царквы, а да Мемарыяльнага каменя ў гонар ахвяр наступстваў катастрофы. Ставяць свечкі, якія арганізатары раздаюць прысутным. Гучыць жалобны звон.
19:42
Шэсце дайшло да скрыжавання з вуліцай Багдановіча.
19:25
Галава шэсця дайшла да цэнтра «Нардзін» (ля вуліцы Куйбышава). Людзі гукаюць «Жыве Беларусь!» і «Не -- АЭС!» Людзей заўважна паменела.
Падчас праходжання вуліцай Сурганава на адным з дамоў угледзелі бел-чырвона-белы сцяг. Горача яго віталі.
Між тым прадстаўнікі міліцэйскай інфарамацыйнай групы зазначаюць, што і надалей падобныя акцыі будуць з металічнымі турнікетамі.
Фота Радыё Свабода.
19:09
Праз вузкія ходнікі (тратуар) шэсце моцна расцягнулася.
18:59
Людзей паболела, акцыі бярэ ўдзел больш за тысячу чалавек.
Наперадзе нясуць расцяжку "Чарнобыльскі шлях" і ікону Чарнобыльскай Божай Маці.
Упадніцкага настрою, які панаваў летась, няма. Спяваюць песні, гукаюць «Жыве Беларусь!», адпаведна і жалобнай атмасферай і не пахне. Абсалютная большасць удзельнікаў — моладзь.
Міліцыя дазволіла перайсці праезную частку, спыніўшы рух транспарту. Калі праходзілі пад Акадэміяй мастацтваў, літаральна з кожнага вакна, высунуўшыся, пазіралі студэнты.
У сёлетняй акцыі не бяруць удзел ні анархісты, ні прадстаўнікі сэксуальных меншасцяў.
18:49
Пачалося шэсце. Людзі выходзяць у бок вуліцы Сурганава. Сталыя сяброўкіКХП-БНФ спяваюць патрыятычныя песні.
18:47
Быў зладжаны невялікі перфоманс. Выйшла чорная свіння ў чорным з рагамі, яна сімвалізавала Чарнобыль.
Сэнс акцыі ў тым, што зло (Чарнобыль) можна перамагчы толькі дабром. Выйшла дзяўчына ў белым і абламала рогі свінні, а потым забіла.
18:44
Выступіла Людміла Гразнова (Праваабарончы альянс).
Яна заначыла, што ў краіне адбываецца не толькі радыяцыйны Чарнобыль, але і палітычны. У прыватнасці, яна адзначыла, што Лукашэнка зрабіў такі ганебны ўчынак, як прыняў у Беларусі зрынутага прэзідэнта Кыргызстана Бакіева, але не паехаў на пахаванне прэзідэнта Польшчы Леха Качынскага. Таксама
Выступае Мікалай Статкевіч.
18:36
Пісьменнік Васіль Якавенка назваў навукоўца Якава Кенігсберга юдам, з якімі трэба змагацца. Паводле Якавенкі, Кенігсберг мяркуе, што невялікія дозы радыяцыі нават карысныя для здароўя.
Выступае мастак Аляксей Марачкін. Ён прачытаў верш.
18:27
Выступае акадэмік Іван Нікітчанка. Зміцер Дашкевіч заклікаў удзельнікаў пайсці да Чарнобыльскай капліцы.
18:19
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі падчас выступу заклікаў аб пачатку нацыянальнай кампаніі па абароне беларусаў ад вымірання.
На акцыі прысутнічаюць пісьменнікі Уладзімір Някляеў і Генадзь Бураўкін, граф Прушынскі
. Далучыліся да акцыі прадстаўнікі «Еўрапейскай Беларусі». Яны прыйшлі са сваімі сцягамі.На гэты момант у акцыі ўдзельнічае прыкладна 500 чалавек.
18:11
Спявае бард Андрэй Мельнікаў, адну песню выканаў сваю, другую — на словы інака Мікалая (Алега Бембеля).
Палітыкаў вобмаль, ёсць старшыня Руху за Свабоду Аляксандр Мілінкевіч, сустаршыні БХД Аляксей Шэін, Павел Севярынец, Георгій Дзмітрук, а таксама старшыня БСДП (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, з’явіліся таксама па адным сцягу «Народнай Грамады» і «Маладой Беларусі».
Людзі між сабой зазначаюць, што не варта ісці ў бок Бангалор, а правесці мерапрыемства тут, ля Прэзідыума Акадэміі навук.
18:02
На пляцоўцы перад будынкам Прэзідыума Акадэмі навук сабралося каля 150–200 чалавек.
Міліцыя, як абяцала, паставіла агароджы і металашукальнікі. Некалькі дзясяткаў чалавек пакуль не заходзяць у загароджу.
Ва ўдзельнікаў акцыі пакуль толькі бел‑чырвона‑белыя сцягі. Нагадаем, аргкамітэт па стварэнні БХД — арганізатары акцыі — рэкамендавалі ўдзельнікам мерапрыемства адмовіцца ад партыйна‑арганізацыйнага піяру.
***
Арганізатары прасілі дазволу прайсці ад Акадэміі навук да Кастрычніцкай плошчы, але гарвыканкам традыцыйна адпраўляе ўдзельнікаў шэсця вуліцай Сурганава на Бангалор.
Маладафронтаўцы трымаюць расцяжку «Чарнобыльскі шлях — 2010» і таксама транспарант «Чынввенства суда і пракуратуры прычыняюць такую ж шкоду народу, як радыяцыя».
* * *
«Акцыя Чарнобыльскі шлях — 2010» прысвечаная 24‑м угодкам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Першы раз такая акцыя прайшла ў трэція ўгодкі катастрофы, 30 верасня 1989 года ў Мінску па ініцыятыве БНФ «Адраджэнне».
26 красавіка 1996 года прайшла найбольш гучная акцыя, паводле розных ацэнак у ёй узялі ўдзел ад 30 да 50 тыс. чалавек, Шлях суправаджаўся сутычкамі з міліцыяй і спецназам, а скончыўся масавымі затрыманнямі і адміністрацыйнымі суткамі.
* * *
Некалькімі гадзінамі раней прадстаўнікі дзяржаўных структур і міліцыі ўшанавалі памяць ахвяр наступстваў катастрофы жалобнымі мерапрыемствамі ў храме ў гонар іконы Божай Маці «Спатоленне загінулых».
Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 красавіка наведвае Чэрыкаўскі раён Магілёўскай вобласці, што пацярпеў ад наступстваў катастрофы.