Спецыялісты Рэспубліканскага навукова‑практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Міністэрства аховы здароўя выявілі вірусы ў 15% проб вады з плавальных басейнаў Мінска.

Пра гэта паведаміла загадчыца аддзела экалогіі вірусных інфекцый РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Міністэрства аховы здароўя Тамара Амвросьева 27 красавіка на Міжнародным маладзёжным форуме «Свет водных тэхналогій» у Мінску.

Паводле яе слоў, мэта даследавання — вывучыць «вірусалагічную якасць вады плавальных басейнаў». Дагэтуль праблема сувязі інфекцыйных захворванняў са знаходжаннем людзей у басейнах у Беларусі не вывучалася. Даследаванне праводзілася ў 2009 годзе — пачатку 2010 года ў дзіцячых, дарослых, спартыўных і санаторных басейнах Мінска. На ўваходзе ў басейн і ў яго чашы адбіралі пробы вады, якія потым вывучаліся з мэтай выяўлення антыгенаў энтэра‑, рота‑, нора‑, адэнавірусаў і вірусу гепатыту А. У ходзе пілотнага даследавання было праведзена 86 аналізаў.

Як паведаміла Амвросьева, 15% проб вады з басейнаў аказаліся забруджанымі вірусамі.

Дамінуючымі былі энтэравірусы, якія з’яўляюцца ўзбуджальнікамі вострых кішачных і рэспіраторных інфекцый, а таксама энцэфаліту, менінгіту, міякардыту. Акрамя таго, у пробах былі выяўлена ротавірусы, адзінкава таксама выяўлены адэнавірусы і вірус гепатыту А (апошні — у дзіцячым басейне). Узровень забруджвання вады басейна быў у 1,5—2 разу вышэйшы ў яго чашы, чым на ўваходзе.

Паводле слоў Амвросьевай, найбольшая колькасць станоўчых проб была выяўлена зімой, у студзені—лютым.

«Гэта лагічна і звязана з больш частым наведваннем басейнаў у гэты час, калі купацца няма дзе. На басейны прыпадае вялікая нагрузка», — адзначыла спецыяліст.

У цэлым, паводле яе слоў, вынікі даследавання сведчаць, што ў Беларусі, як і ў іншых краінах, існуе рэальная праблема забеспячэння эпідэмічнай бяспекі вады ў плавальных басейнах. «Вада ў басейнах з’яўляецца ўразлівай у плане магчымага забруджвання віруснымі агентамі. На жаль, спосабы ачысткі і абеззаражвання не заўсёды эфектыўныя», — адзначыла спецыяліст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?