Старшыня апальнай арганізацыі Саюз палякаў на Беларусі Анжаліка Борыс атрымала ўзнагароду Сусьветнай арганізацыі польскіх газэт, якая прысуджаецца за разьвіцьцё кантактаў з палякамі ва ўсім сьвеце і прасоўваньне польскай культуры. Статуэтку ў форме зямнога шару ўручыў Анжаліцы старшыня Сэнату Польшчы Богдан Барусевіч у часе форуму ў Тарнаве, на які сабраліся больш за сто пяцьдзесят польскіх журналістаў з Канады, ЗША, Нямеччыны, Расеі ды іншых краінаў.
– Гэта для мяне было поўнай неспадзяванкай, - сказала «Салідарнасьці» Анжаліка Борыс. – Мы будзем і далей працаваць у тым самым кірунку, напрыклад, праводзіць культурныя мерапрыемствы ў Беларусі і ўдзельнічаць у іх за мяжой. Адно з найбліжэйшых сьвятаў, якое мы будзем адзначаць 11 лістапада – Дзень незалежнасьці Польшчы.
Да лідэра непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў на Беларусі статуэтку атрымлівалі такія знакамітыя палякі як дарадца Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў у Вашынгтоне Зьбігнеў Бжазінскі і лідэр Кангрэсу палякаў ЗША Эдвард Москаль.
Дарэчы, зараз зямны шар Анжалікі Борыс стаіць у ейнай гарадзенскай кватэры – на самым бачным месцы ў гасьцёўні. Узнагарода ж пэрсанальная.
❏
Фота Юліі Дарашкевіч, НН