Нямецкая кампанія «Энертраг» плануе пабудаваць у Дзяржынскім раёне першы ў Беларусі ветрапарк.

Пра гэта на прэс‑канферэнцыі 28 красавіка ў Мінску паведаміў начальнік аддзела навукова‑тэхнічнай палітыкі і знешнеэканамічных сувязяў дэпартамента па энеграэфектыўнасці Дзяржстандарта Андрэй Мінянкоў.

Паводле яго слоў, 28 красавіка ў Мінску будзе падпісаны інвестыцыйны дагавор паміж «Энертрагам» і Мінскім аблвыканкамам.

Кампанія зацікавілася найбольш высокім месцам у Беларусі — каля пасёлка Волма Дзяржынскага раёна. Мяркуецца, што праект будзе рэалізаваны ў два этапы. На першым плануецца стварыць ветрапарк з устаноўленай энергетычнай магутнасцю да 80 МВт, на другім — павялічыць магутнасць да 160 МВт. Кампанія плануе рэалізаваць праект за кошт ўласных сродкаў. Паводле папярэдніх падлікаў, кошт першага этапа складзе прыкладна 104 млн. еўра. Кампанія будзе валодаць гэтым аб’ектам і прадаваць электраэнергію для беларускай энергасістэмы.

Плануецца, што пасля падпісання інвестыцыйнага дагавора кампанія ўсталюе мачты для вымяральных прылад для ацэнкі патэнцыялу вятроў у гэтым рэгіёне, адначасова будзе праводзіцца праца па стварэнні прадстаўніцтва кампаніі ў Беларусі, атрыманні дазвольных дакументаў, падборы персаналу, вывучэнне магчымасці выкарыстання беларускіх будаўнічых матэрыялаў. Праз год пачнецца праектаванне і будаўніцтва. Чакаецца, што першы этап будзе рэалізаваны ў другім паўгоддзі 2011 года, увесь праект — у 2012 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?