Ня першы тыдзень уся Беларусь абклеена налепкамі «Вялікі джынсавы фэст», моладзь ходзіць у саколках з такімі самымі надпісамі. Арганізатары акцыі сапраўды вельмі добра папрацавалі над PR. Пра «Вялікі джынсавы фэст» чулі літаральна ўсе, але па-ранейшаму заставалася няяснасьць, што нас урэшце чакае ў суботу.

Арганізатары падалі заяўку на правядзеньне «фэсту» яшчэ напрыканцы жніўня, але да апошняга не было пэўнасьці, што ўлады дазволяць акцыю, асабліва ў сьвятле нядаўніх забаронаў на «непажаданыя» канцэрты N.R.M. і старажытнай музыкі.

Адказ ад гарадзкіх уладаў прыйшоў літаральна на днях. Менгарвыканкам дазволіў толькі канцэрт-мітынг на Бангалоры, забараніўшы шэсьце ад Акадэміі навук. Арганізатары заклікаюць усіх ахвочых прыходзіць менавіта на плошчу Бангалор а 16:00, а не зьбірацца ля кінатэатру «Кастрычнік», як плянавалася раней.

«Вялікі джынсавы фэст» адбудзецца ў сёмую гадавіну зьнікненьня палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, тым самым удзельнікі зьбіраюцца ізноў прыцягнуць увагу грамадзкасьці да праблемы зьніклых у Беларусі людзей.

«Вялікі джынсавы фэст» – гэта першая зь вясны масавая і шырокамаштабная палітычная акцыя апазыцыі, бо канцэрт 25 жніўня ўсё ж не насіў яскравага палітычнага характару. Для апазыцыі гэта спроба праверыць уласныя рэзэрвы, паглядзець, якую рэальную сілу яна мае на дадзены момант.

Яшчэ не вядома дакладна, хто з айчынных і замежных музычных зорак возьме ўдзел у фэсьце, дзіўным чынам гэтая інфармацыя трымаецца ў сакрэце. Хіба толькі «Таварыш Маўзэр» цьмяна так наменіў, што зайграе на Бангалоры 16 жніўня.

Сярод налепак да «Вялікага джынсавага фэсту» ёсьць і такая, дзе акцыю беларускай апазыцыі рэклямуе Брус Ўіліс. Напэўна, гэтая акалічнасьць дала падставу «Музыкальной газете» паведаміць, што на канцэрт у Менск прыедзе гэтая зорка Галівуда разам са сваім гуртам «The Accelerators». Відавочна, што гэтая навіна – простая бурбалка. Аднак арганізатары і без таго абяцаюць мноства музычных і іншых сюрпрызаў, якіх яшчэ ніколі не было на беларускіх імпрэзах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?