Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыпыняе кантакты з Беларуссю на высокім узроўні. Адпаведная рэзалюцыя прынята 29 красавіка большасцю галасоў на пасяджэнні ПАРЕ ў Страсбургу.

У галасаванні ўзялі ўдзел 67 дэпутатаў, 58 з іх прагаласавалі за прыняцце рэзалюцыі, шэсць — супраць, тры ўстрымаліся (усяго ў ПАРЕ 318 дэпутатаў).

У рэзалюцыі ўказваецца на «недастатковы прагрэс» Беларусі ў галіне адпаведнасці стандартам Рада Еўропы. У прыватнасці, у дакуменце гаворыцца,

што ў краіне «ў атмасферы сакрэтнасці» былі прыведзены ў выкананне два смяротныя прыгаворы, калі скаргі асуджаных разглядаў Камітэт ААН па правах чалавека. Адзначаюцца таксама выпадкі парушэння ў Беларусі правоў польскай нацыянальнай меншасці і адсутнасць міжнародных назіральнікаў на выбарах у мясцовыя саветы.

У дакуменце выказваецца шкадаванне ў сувязі з «недастатковай палітычнай воляй беларускіх уладаў раздзяліць каштоўнасці Рады Еўропы». Пры гэтым у рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік прадоўжыць дыялог з Беларуссю.

Як раней паведамлялася, рашэнне аб правядзенні тэрміновых дэбатаў па сітуацыі ў Беларусі было прынята 26 красавіка на пасяджэнні бюро ПАРЕ.

***

Нагадаем, у сакавіку былі расстраляны 25-гадовы Андрэй Жук і 30-гадовы Васіль Юзэпчук. Першы быў прызнаны вінаватым у разбойным нападзе і забойстве супрацоўнікаў СВК «Бальшавік-Агра», якія перавозілі грошы для выплаты зарплаты работнікам сельгаспрадпрыемства. Другога прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання за ўчыненне серыі забойстваў пажылых жанчын у Брэсцкай вобласці.

Аб тым, што прыгаворы прыведзены ў выкананне, стала вядома ад маці Жука. Толькі 2 красавіка міністр унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў пацвердзіў факт прывядзення прыгавораў у выкананне.

Камітэт ААН па правах чалавека ў спецыяльнай заяве выказаў абурэнне ў сувязі з пакараннем смерцю двух чалавек, чые скаргі знаходзіліся на разглядзе камітэта.

Дзеянні беларускіх уладаў асудзілі кіраўніцтва Рады Еўропы, «Міжнародная амністыя», айчынныя праваабаронцы.

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, у якой дагэтуль прымяняецца смяротная кара. У чэрвені 2009 года Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю аб вяртанні Беларусі статусу спецыяльнага запрошанага ў асамблеі пры ўмове ўвядзення ў краіне мараторыя на пакаранне смерцю. Да ўвядзення мараторыя таксама заклікае Еўрасаюз. Гэта адна з умоў адмены візавых санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, якія ЕС працягнуў да кастрычніка 2010 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?