Аддзяленне пасольства Беларусі ў Расіі адкрылася ў Смаленску. У зону яго адказнасці ўваходзяць дзесяць абласцей Цэнтральнай федэральнай акругі Расіі, паведамляе прэс‑служба беларускага пасольства.

Узначаліць беларускую дыпламатычную місію ў Смаленску Мікалай Куцко.

«У Смаленску мы адкрываем наша аддзяленне, найперш таму, што тут у нас самая «гарачая кропка»: вялікі транзітны паток на Расію, актыўны тавараабарот і вялікая праца па памежным узаемадзеянні», — заявіў пасол Беларусі ў РФ Васіль Далгалёў, калі прадстаўляў новага дыпламата губернатару Смаленскай вобласці. Ён падкрэсліў, што аддзяленне пасольства ў Смаленску стане «стратэгічным пунктам па супрацоўніцтве і з іншымі расійскімі рэгіёнамі». «Ва ўсіх сферах мы са Смаленскай вобласцю вельмі добра супрацоўнічаем», — заявіў пасол.

Губернатар Смаленскай вобласці Расіі Сяргей Антуф’еў таксама падкрэсліў важнасць адкрыцця смаленскага аддзялення пасольства. «Для бізнесу вельмі важна, каб быў такі інструмент, як аддзяленне пасольства, якое будзе дапамагаць вырашаць многія пытанні, у тым ліку і прававыя. І, напэўна, самым галоўным будзе дапамагаць арыентаваць бізнес як беларускі, так і расійскі па найбольш эфектыўных кірунках развіцця», — заявіў губернатар. Так, на Смаленшчыне з 300 зарэгістраваных сумесных прадпрыемстваў 270 — вытворчасці з беларускім капіталам.

Усяго на тэрыторыі Расіі цяпер працуюць дзесяць аддзяленняў пасольства Беларусі [у Екацярынбургу, Калінінградзе, Мурманску, Краснадары, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску, Санкт-Пецярбургу, Уфе, Хабараўску -- НН].

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?