Гурт «Дзецідзяцей» запісаў першы альбом па‑беларуску.

«Рух» — такая назва альбома — складаецца з 14 песняў. У іх ліку — дзве новыя: «Нічога» і «Падлетак». А таксама старыя белмоўныя хіты: «Раптам», «Гімн моладзі» ды «Івона» — самая першая песня гурта. Тут і фолк, і лірычныя мелодыі, і гімны, а да пухкага акустычнага гучання «Дзецідзяцей» дадалася шчыльнасць электрычных гітараў.

Салістка гурта Ганна Хітрык кажа, што не падзяляе сваю творчасць на розныя мовы: «Проста хацелася мець усе гэтыя песні на адной кружэлцы». І дадае, што натхняюць на складанне песняў людзі, рэчы і творы, і ў прыватнасці тэатральная пастаноўка Translations, дзе з любоўю і болем апісаная маленькая краіна Ірландыя і яе праблемы.

«Я не Анджаліна Джолі, каб усюды свяціцца, — кажа салістка, а па сумяшчальніцтве акторка Купалаўскага тэатра і кінаактрыса Ганна Хітрык
.

— Але сапраўды: пастановак у тэатры мне недастаткова. Да таго ж эпітэт «акторка кіно» хоць і гучыць натхняльна, аднак у рэчаіснасці я здымаюся не так шмат, як хацелася б. Так што, хачу і пяю. З іншага боку, калі я здымалася ў камедыі «Дастыш фантастыш», у мяне і ў думках не было сказаць рэжысёру Аляксандру Канановічу пра свае песні. Ён жа ведае мяне як акторку, а не як спявачку».

«Дзецідзяцей» прэзентуюць альбом 4 мая на сцэне Купалаўскага тэатра.

Усё будзе сціпла: ніякіх спецыяльных гасцей, ніякіх артыстычных перфомансаў. «Нам не хочацца, каб людзі ішлі на наш канцэрт у Купалаўскім як на нейкае тэатральнае шоу,— дадае Ганна Хітрык. — Мы шчыра адспяваем свае песні на сцэне ўлюбёнага тэатра, пакінуўшы ўбаку ўсю тэатральнасць і манернасць». У дзень прэзентацыі «Рух» паступіць у дыскарні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?