Супрацоўнікі дэпартамэнту па барацьбе з арганізаванаю злачыннасьцю МУС Расеі затрымалі грамадзяніна Беларусі, які знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку за ўдзел у злачыннай групоўцы, падробку дакумэнтаў, памагатайства ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі. «Паводле дадзеных зь беларускіх праваахоўных органаў, грамадзянін РБ Юры Крэйдзіч 1976 г.н. браў удзел у злачыннай групоўцы, якая цягам шасьці гадоў займалася кантрабандным перавозам грузаў з Польшчы ў Беларусь і далей у Расею», – паведаміў дэпартамэнт у сераду.

Паводле ацэнаў праваахоўных органаў, сума шкоды, якую ўчыніла злачынная групоўка, сягае $1 млрд.

У прэсавай службе ДБАЗ адзначылі, што Крэйдзіч адказваў за бесьперашкодны праход фураў праз мытныя пасты. Як мяркуюць беларускія ўлады, да кантрабанды могуць мець дачыненьне службовыя асобы мытні «Заходні Буг».

«Кампутары, плязмавыя тэлевізары, відэа- і аўдыётэхніка з краінаў Заходняе Эўропы праз Польшчу і Беларусь увозілася ў Расею пад выглядам будаўнічых матэрыялаў. Кіроўцам на польскім баку перадаваліся падманныя дакумэнты», – паведамляе прэс-служба.

Паводле дадзеных дэпартамэнту, пасьля распачынаньня крымінальнае справы Крэйдзіч схаваўся ў Расеі. Ён жыў у Маскве ў арэндаванай кватэры на Валгаградзкім праспэкце і валодаў фірмай, што прадавала беларускія тавары. Цяпер Крэйдзіч знаходзіцца пад вартай, пытаньне пра ягоную экстрадыцыю вырашаецца.

Чарговы скандал ставіць пад сумнеў пэрспэктывы мытнага саюзу. Ня выключана, што яго трэба інтэрпрэтаваць і ў кантэксьце шантажу, з дапамогай якога Расея спрабуе дабіцца перадачы "Белтрансгазу" пад расейскі кантроль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?