Пракуратура Івацэвіцкага раёна расследуе крымінальную справу аб забойстве 30‑гадовай жыхаркі горада Косава.

Як паведаміла старшы памочнік пракурора Брэсцкай вобласці Вольга Дзмітрук, раніцай 3 мая ў раённы аддзел унутраных спраў звярнулася сваячка забітай. Яна заявіла, што яе родная сястра не начавала дома і яе месцазнаходжанне з вечара 2 мая невядомае.

«Апытаны ў сувязі з гэтым 29‑гадовы муж зніклай заяўляў, што не ведае, дзе жонка, і прасіў адшукаць яе, — дадала Дзмітрук. — Потым ён прызнаўся, што ўвечары 2 мая ў салоне асабістага аўтамабіля задушыў яе, вывез за межы горада і, прывязаўшы да цела металічны прадмет, утапіў яго ў меліярацыйным канале.

Паводле яго слоў, прычынамі забойства сталі пастаянныя на працягу апошніх пяці гадоў канфлікты з жонкай, яе папрокі і нязгода скасаваць шлюб, чаго ён патрабаваў».

Падазроны паказаў месца, дзе ўтапіў труп жонкі. Цела з вады паднялі. Праводзіцца судова‑медыцынская экспертыза.

Пракуратурай Івацэвіцкага раёна 5 мая была распачата справа на падставе ч. 1 арт. 139 Крымінальнага кодэкса (забойства). Падазроны затрыманы. Ён мае судзімасць за незаконнае захоўванне патронаў і адбывае пакаранне ў выглядзе папраўчых работ. У сям’і двое дзяцей — 10‑месячны хлопчык і сямігадовая дзяўчынка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?