5 мая рэжысёр Юры Хашчавацкі наладзіў на офісе БНФ інфармацыйны паказ сваёй новай стужкі «Лабатамія», на якія былі запрошаныя праваабаронцы й крытыкі.

Рэжысёр расказаў, што ідэя стужкі з’явілася ў яго ў Вільні, калі ён абмяркоўваў з сябрамі расейска-грузінскую вайну. Знаёмыя прапанавалі творцу самому зняць фільм пра гэтыя падзеі. Хашчавацкі паехаў у Грузію, але фільм атрымаўся шырэйшым. Рэжысёр распавёў пра механізмы прапаганды дый сучасны расейскі рэжым, што правакуе канфлікты.

Карціна перанасычаная невядомымі і забытымі дакументамі.
Бойня ў Тбіліся 1989 году, танкі ў Вільні ў студзені 90-ага, разагнаныя Дзяды і дзяржаўная хлусня — як старая гэбоўская практыка.

А вось абхазскі дыктар абвяшчае ўсіх грузінаў закладнікамі дый заклікае да тэрарызму. Расейскія казакі трасуць зброяй, грузінскія жанчыны й дзеці ўцякаюць праз заснежаныя перавалы. Гэта падзеі 20-гадовае даўніны, вытокі сённяшняе трагедыі.

У кадры — канфлікты бліжэйшыя: радасныя гопнікі рабуюць эстонскія крамы, «абараняючы Бронзавага жаўнеры». Расейскія войскі ў Грузіі цягнуць лыжачкі, матрацы, кампутары. Але гэта дробязь: пуцінскае чынавенства крадзе буйней.

Міліярдэрка мадам Батурына шчасна гойсае на кані, з’езд Адзінай Расеі, тоўстыя ідэолагі і адміністратары.

Хашчавацкі называе нацыянальную ідэю нашай суседкі: «крадуць», «ухваляем» — і «мачыць у сарціры».
Каб трыяда гэная спрацавала неабходна няспынная прапаганда, лабатамія, каб людзі развучыліся думаць.

Творца з асалодаю і сарказмам прэпаруе тэлевізійную хлусню й ляпы. Асабліва дастаецца «нацыянальнаму расейскаму лідэру Уладзіміру Уладзіміравічу Пуціну», з якім Хашчавацкі зрабіў тое, што калісьці са «Звычайным прэзідэнтам» Лукашэнкам.

Жэсты, усмешкі, гэбоўскія віншаванні дбайна раскладзеныя па палічкам.

Адказваючы на закід, што фільм тэндэнцыйны, рэжысэр зацеміў: кіно не можа не быць суб’ектыўным.

— Ці не баіцеся вы, што Пуцін абвесціць вас асабістым ворагам?

— А чаго мне баяцца? Я буду здымаць кіно.

Фільм вельмі зацікавіў заходніх тэлевізійнікаў. А на канале «Белсат» «Лабатамія» будзе паказаная, падзеленая на тры часткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?