Войскі NATO сьцьвярджаюць, што амаль ушчэнт зьнішчылі армію талібаў на аўганскім поўдні і ў хуткім часе адновяць там спакой і парадак. У суботу і нядзелю самалёты, шрубалёты і артылерыя NATO расправіліся ў кандагарскай пустыні з амаль 200 талібамі.

Камандаваньне NATO падрахавала, што ў выніку апэрацыі «Мэдуза», якая доўжыцца з 2 верасьня, у паўднёвааўганскіх правінцыях Кандагар i Гэльманд загінула больш як паўтысячы талібаў. Калі б гэтая інфармацыя спраўдзілася (чаму пярэчаць талібы), дык гэта б азначала, што войскі NATO здолелі ўшчэнт разьбіць партызанскую армію, якая дзейнічае на поўдні і налічвае каля тысячы жаўнераў.

Менавіта яе ліквідацыя і выгнаньне тых, хто застаўся ў жывых, з аўганскага поўдня былі мэтамі апэрацыі «Мэдуза», у якой бяруць удзел жаўнеры з ЗША, Канады і Вялікай Брытаніі. У бітвах на поўдні загінула 19 брытанцаў і 6 канадцаў.

Самыя вялікія страты авіяцыя NATO нанесла талібам у суботу і нядзелю, калі шрубалёты й летакі шукалі ў пустыні і ў гарах месцы разьмяшчэньня лягераў партызанаў і пасьля засыпалі іх дажджом бомбаў і ракетаў. Відавочцы кажуць, што ў панядзелак талібы пачалі уцякаць з раёнаў Панджваі і Джары (правінцыя Кандагар), якія да гэтага часу знаходзіліся пад іх кантролем, бо ня здолелі аказаць супраціву войскам NATO.

Частка талібаў спрабуе прабрацца ў суседнія паветы. Іншыя закопваюць зброю і, хаваючыся сярод вяскоўцаў, зьбягаюць як уцекачы ў Кандагар – калыску талібаў. У панядзелак войскі NATO пасьля бойкі, у якой загінула звыш 20 талібаў, адбілі мястэчка Гармзэр у правінцыі Гэльманд, якое з чэрвеня ўжо шматразова пераходзіла з рук аўганскага ўраду пад кантроль партызанаў.

Колькі ахвяраў сярод цывільных?

Нельга праверыць паведамленьняў пра разьню талібаў і разгром іх паўднёвай арміі. Талібы вокамгненна хаваюць сваіх забітых жаўнераў, а журналістаў не пускаюць у раён барацьбы. Вялізная лічба ахвяраў можа, між іншым, паказваць на тое, што ў бойках загінула шмат цывільных асобаў.

Перад пачаткам апэрацыі «Мэдуза» войскі NATO раскідвалі па вёсках улёткі і разносілі паведамленьні пра тое, каб вяскоўцы кідалі свае вёскі, якія ў хуткім часе ператворацца ў поле бітвы. Шмат хто зь вяскоўцаў насамрэч схаваўся ў Кандагары. Губэрнатар Кандагару Асадулах Халід абвесьціў у панядзелак, што бойкі ў хуткім часе завершацца і ўцекачы змогуць вярнуцца ў свае дамы.

Аднак многія вяскоўцы засталіся ў сваіх вёсках, каб пільнаваць сваю маёмасьць. Яны верылі, што нават ў здарэньні вайны яны здолеюць уцячы ў суседні Кандагар. Раёны Панджваі і Джары ляжаць усяго толькі за 30–40 км ад гораду.

Камандаваньне NATO прызнае, што бойкі сталіся прычынай «пэўных стратаў сярод цывільных». Лекары з Кандагару колькі дзён інфармуюць пра раненых, якіх прывозяць у шпіталі.

Бойкі ў раёне Панджваі ідуць з траўня, а талібы – мяркуючы, што цывільныя аб’екты атакаваць ня будуць, – ахвотна хаваюцца ад перасьледуючых іх шрубалётаў сярод вяскоўцаў, у іх дамах, мячэтах альбо вінаградніках. Бамбардуючы іх, войскі NATO кожны раз спрычыняюцца да ахвяраў сярод цывільных, што ў сваю чаргу настройвае аўганцаў супраць чужынцаў і дадае талібам прыхільнікаў і рэкрутаў.

Замежныя арганізацыі Sensils i Christian Aid б’юць трывогу, што з-за вайны і страшэннай засухі больш за мільён аўганцаў у Кандагары і Гэльмандзе, а таксама ў правінцыях на захадзе краіны будуць галадаць узімку. З прычыны засухі вяскоўцы страцілі ўраджай, а вайна ў Кандагары і Гэльмандзе сталася прычынай таго, што тысячы людзей качуюць у прымітыўных, на хаду створаных лягерах.

Расправа на пахаваньні

Пяць чалавек загінулі, а 30 былі параненыя ў панядзелак ва ўсходняй правінцыі Хост у выніку бомбавай спробы самагубства, зьдзейсьненай на пахаваньні губэрнатара правінцыі Пактыя Абдулы Хакіма Таніваля, які быў забіты днём раней падчас падобнай спробы ў горадзе Гардэз.

63-гадовы Таніваль, навуковец і сябра прэзыдэнта Гаміда Карзая, шмат гадоў жыў у Аўстраліі. Ён вярнуўся ў Аўганістан у 2001 г., пасьля зьвяржэньня талібаў, на гарачыя просьбы Карзая. Ён быў міністрам у аўганскім урадзе, а пасьля на просьбу Карзая згадзіўся заняць пасаду губэрнатара бурных правінцыяў Хост i Пактыя, заселеных пуштунскім племем танаяў, землякоў Таніваля, першага аўганскага губэрнатара, забітага талібамі.

Напад на Таніваля і чарговы напад на яго паховінах былі 47-й i 48-й бомбавымі спробамі самагубства, зьдзейсьненымі ў гэтым годзе ў Аўганістане. Камандаваньне войскаў ЗША абвясьціла ў нядзелю, што нават у аўганскай сталіцы Кабуле, што дагэтуль была аазай спакою, дзейнічае сетка тэрарыстаў-камікадзэ. У пятніцу адзін зь іх узарваўся бліз амбасады ЗША, забіўшы пры гэтым 16 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?