Як паведаміў памочнік пракурора Савецкага раёна Гомеля Сяргей Салоўскі, за рабаванне суд Савецкага раёна прыгаварыў мужчыну да шасці месяцаў арышту.

Паводле слоў памочніка пракурора, 35‑гадовы ўраджэнец грузінскага пасёлка Марыулі прыехаў у Гомель у студзені 2010 года для куплі бытавой тэхнікі. Грошы, паводле слоў абвінавачванага, яму далі сваякі. На судзе мужчына прызнаўся, што ён мае вялікую страсць да азартных гульняў. Таму ў Гомелі зайшоў у адно з казіно і за вечар прайграў там усе грошы.

«Са слоў абвінавачванага, ён вельмі расстроены сеў у тралейбус і ездзіў па горадзе. У

тралейбусе грузін заўважыў, паводле яго слоў, жанчыну рэспектабельнага выгляду і падумаў, што ў яе могуць быць з сабой грошы.
Ён выйшаў за ёю на прыпынку, правёў да пад’езда, і калі яна ўваходзіла ў ліфт, вырваў у яе сумачку. Аднак, уцякаючы, спатыкнуўся ў пад’ездзе аб прыступку і ўпаў. Яго затрымалі жыльцы гэтага дома, якія ўваходзілі ў пад’езд, і перадалі міліцыі», — растлумачыў Салоўскі.
У сумачцы жанчыны была парфумерыя, мабільны тэлефон і два кілаграмы свінога сала.

Змесціва сумкі ацэнена ў 430 тыс. рублёў. Была распачата крымінальная справа за рабаванне. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае мінімальнае пакаранне за гэтае злачынства — пяць гадоў абмежавання волі. Паколькі да іншаземцаў абмежаванне волі не прымяняецца і з улікам таго, што пацярпелая прасіла не караць строга зламысніка, да грамадзяніна Грузіі прымянілі артыкул 70 КК (прызначэнне больш мяккага пакарання, чым прадугледжана за гэтае злачынства). Такім чынам, суд прыгаварыў яго да шасці месяцаў арышту.

Прыгавор пакуль не ўступіў у законную сілу, абвінавачаны мае права яго абскардзіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?