«Вій»
Расея (СССР), 1967, рэж. Канстанцін Яршоў, Георгі Крапачоў
Містыка паводле аднайменнага апавяданьня Мікалая Гогаля.
Шэдэўр Гогаля на экране ніколі б ня ўбачылі, калі б не італьянец Марыё Бава. Аўтар хорараў сьцьвярджаў, што жахаўка «Маска дэмана» пастаўленая паводле Гогаля.
Выпускнікі сцэнарна-рэжысэрскіх курсаў Яршоў і Крапачоў вырашылі даць бой ідэалягічнаму ворагу, а чыноўнікі, заклапочаныя барацьбой, на прынаду клюнулі.
Мастацкім кіраўніком і фактычным стваральнікам фільму стаўся Аляксандар Птушко. Пад ягоным наглядам зялёныя акрабаты-вурдалакі вылазілі са сьценаў, а Натальля Варлей лётала ў дамавіне.
Потым акторка доўга хварэла – і замальвала грахі вядзьмарства. Непрыемнасьці чакалі іншых стваральнікаў стужкі.
«Вій» стаў дывэрсіяй на савецкіх экранах. У газэтах яго пракліналі – але гледачы галасавалі нагамі. Галасуюць і дасюль.
13 верасьня, серада. «Лад», 22.50