ЗША занепакоены прыгаворам, які быў вынесены Мікалаю Аўтуховічу і яшчэ тром удзельнікам працэсу па абвінавачанні, якое звязана з незаконным захоўваннем зброі. Пра гэта гаворыцца ў заяве пасольства ЗША.

«У гэтым і іншых выпадках мы пастаянна падкрэслівалі беларускім уладам важнасць выканання належнай прававой працэдуры, — гаворыцца ў заяве. — Мы спадзяваліся, што беларускія ўлады выкарыстаюць гэтую магчымасць, каб прадэманстраваць выкананне належнай прававой працэдуры і незалежнасць судовай сістэмы. На жаль, існуюць прычыны сумнявацца ў належным правядзенні гэтага працэсу ў тым, што тычыцца грамадзянскіх правоў Мікалая Аўтуховіча і астатніх удзельнікаў працэсу».

У сувязі з гэтым пасольства ЗША нагадвае, што «паляпшэнне адносінаў Злучаных Штатаў Амерыкі з Беларуссю можа адбыцца толькі тады, калі беларускія ўлады прадэманструюць большую павагу асноўных правоў чалавека».

Нагадаем, 6 мая Вярхоўны суд абвясціў прыгаворы па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Аўтуховіч прыгавораны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, Асіпенка — да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, яшчэ двух абвінавачваных — былога работніка фірмы Аўтуховіча Аляксандра Ларына і падпалкоўніка міліцыі Міхаіла Казлова — адпаведна да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму без пазбаўлення права займаць кіруючыя пасады.

Аўтуховіч прызнаны вінаватым у перавозцы і захоўванні пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі, Асіпенка і Ларын — у захоўванні і перавозцы зброі і выбуховых рэчываў, Казлоў — у тым, што ён ведаў аб знаходжанні на тэрыторыі школы-ліцэя № 1 Гродна гранатамёта, але не паведаміў пра гэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?