Каментар Міністэрства абароны пра змешчанае ў Сеціве відэа пралёту над Мінскам чацвёркі Су-24 не суцішыў жарсці на авіяфорумах. НН звярнулася па тлумачэнні да лётчыка І класа, палкоўніка ваеннай авіяцыі ў запасе Юрыя Панамарэнкі. Юрый Міхайлавіч прааналізаваў чатыры відэаролікі, зробленыя з розных кропак:

«Я яшчэ ў жыцці за 25 год каляндарных лётнай практыкі такога страшнага выпадку не бачыў», — рэзюмаваў прагляд палкоўнік запасу. Ён вызначыў

некалькі ключавых момантаў на відэа: самалёты ляцелі занадта нізка, улічваючы, што іх маршрут пралягаў над жылым масівам і натоўпам гледачоў, гэта была празмерна рызыкоўна і неабгрунтавана.
Небяспечным на думку палкоўніка было і тое, што курс чацвёркі Су-24 перасекся з курсам групы Л-39.
«Гэта была супераварыйная сітуацыя. Маглі загінуць тысячы чалавек».
Па назіраннях Юрыя Панамарэнкі, дзеянні пілота Су-24, які на відэа адкалоўся ад групы, выглядалі няўпэўненымі. Палкоўнік запасу выказаў думку, што з’яўленне на маршруце «сушак» групы Л-39 магчыма было нечаканасцю для пілотаў бамбавікоў, таму іх шыхт і рассыпаўся. На пытанне, што адчувае пілот у такія моманты, ён адказаў, што пілот востра адчувае небяспеку, але не ведае, што рабіць, бо любое дзеянне можа толькі ўскладніць справу. «Мне падаецца, што тут яны не сутыкнуліся на авось, цудам не сутыкнуліся».

Палкоўнік запасу расказаў пра групавыя палёты. Групавая злётанасць — надзвычай складаны элемент, пры выкананні якога вельмі важна трымаць так званую каробачку.

«Самалёт не прызнае ні чыноў, ні рангаў, ні лампасаў. Гэтаму вучаць у лётных вучэльнях»,
— кажа лётчык. Ён прыгадаў апошнія авіякатастрофы ў Расіі, у якіх гінулі пілоты найвышэйшага класа, а таксама трагедыю на авіяшоу ў Львове ў 2002 годзе. Юрый Міхайлавіч мяркуе, што ўдзел у парадзе ваеннай авіяцыі з узроўнем падрыхтоўкі, прадэманстраваным 9 мая 2010 году, рана ці позна можа прывесці да трагедыі.

***

Юры Міхайлавіч Панамарэнка, 72 гады. Нарадзіўся ў Башкірыі. Скончыў лётную вучэльню ў Чарнігаве, Ваенна-паветраную акадэмію імя Гагарына ў Маскоўскай вобласці. Быў начальнікам штабу палка супрацьпаветранай абароны ў Мачулішчах, першым намеснікам камандзіра часткі, старшым інспектарам СПА Аб’яднаных узброеных сілаў Варшаўскай дамовы. Лётчык І класа, палкоўнік запасу. Лётная практыка — 25 каляндарных год. Лятаў на Су-9, МіГ-25.

 Франтавы бамбавальнік Су-24.

Франтавы бамбавальнік Су-24.

Су-24 — франтавы бамбавальнік, прызначаны для нанясення ракетна-бомбавых удараў у простых і складаных метэаўмовах, удзень і ўначы, у тым ліку на малых вышынях з прыцэльным паражэннем наземных і надводных цэляў. Першы палёт — 1970 г., паступіў на ўзбраенне — 1975 г.

Су-24 лічыцца дастаткова складанай для пілатавання машынай і мае высокі ўзровень аварыйнасці. Толькі ў часе лётных выпрабаванняў было страчана 14 Су-24 і Су-24М. Пасля прыняцця самалёта на ўзбраенне штогод адбывалася 5-6 аварый і катастроф. У 1998 г. быў прызнаны найбольш аварыйным лятальным апаратам расійскай ваеннай авіяцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?