У жыцці беларускай Вільні значная падзея. У свет выйшла кніга «Беларусы ў Літве: учора і сёння. Кніга І». Напісаў яе жыхар Вільні, выхадзец з Шаркоўшчыны, Алесь Адамковіч.

Алесь — дактарант Інстытута літоўскай мовы, працуе выкладчыкам беларускай літаратуры на філалагічным факультэце Віленскага педагагічнага універсітэта. З 2002 года жыве ў Вільні і прымае актыўны ўдзел у мясцовым беларускім жыцці. У прыватнасці Алесь уваходзіць у Раду Таварыства беларускай культуры Літвы.

Кніга прысвечана вывучэнню старонак гісторыі беларусаў у Літве. У першай частцы на матэрыялах Літоўскага дзяржаўнага цэнтральнага архіва разглядаюцца моманты з жыцця беларусаў Віленскага краю за польскім часам 1921—1939 гг., а менавіта, беларускае школьніцтва, беларускія перыядычныя выданні, а таксама некаторыя эпізоды з дзейнасці Беларускага пасольскага клуба.

У другой частцы змешчаны інтэрв’ю са знакамітымі віленчукамі нашага дня. Выданне адрасавана навукоўцам, выкладчыкам, студэнтам, краязнаўцам і ўсім тым, хто цікавіцца мінулым і сённяшнім беларусаў па-за межамі сучаснай Беларусі.

У кнізе выкарыстаны здымкі Змітра Віленскага, Сяргея Дубаўца, Валеры Руселіка, аўтара, з асабістых архіваў Лілеі Плыгаўкі, Таццяны Дубавец, Галіны Сівалавай, Хведара Нюнькі, Сяргея Карабача, Леакадыі Шышэі, змешчаны копіі дакументаў з Літоўскага дзяржаўнага цэнтральнага архіва. На стар. 8 — карціна Таццяны Тарасавай «Віленскі дворык».

Кніга з’явілася, дзякуючы фінансавай падтрымцы ананімнага мецэната, які хаваецца пад псеўданімам Зміцер Віленскі, які прыняў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы кнігі да друку.

Як кажа аўтар, гэта толькі першая кніга з серыі, якую ён плануе прысвяціць віленскай тэматыцы. Агулам мяркуецца выдаць 4–5 тамоў. Першы том серыі выдадзены накладам 500 асобнікаў. Яго аб’ём каля 200 старонак.

Кніга будзе цікавая не толькі беларусам Літвы, але і суайчыннікам на Радзіме. Менавіта таму прэзентацыі кнігі маюць прайсці і Літве, і ў Беларусі. У Літве прэзентацыя адбудзецца ў Таварыстве беларускай культуры 29 траўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?