Экс‑прэм’ер Украіны Юлія Цімашэнка сёньня наведала Генпракуратуру Ўкраіны.

У галоўным сьледчым упраўленьні Генпракуратуры ёй уручылі пастанову аб аднаўленьні крымінальнай справы, якая вялася супраць яе ў 2004 годзе. Тады Цімашэнку вінавацілі ў дачы хабару судзьдям Вярхоўнага суду. Гэтую справу закрылі ў 2005 годзе паводле рашэньня Вярхоўнага суду і Генпракуратуры. Цяпер пракуроры лічаць, што справа не была дасьледаваная паводле закону.

На 17 траўня Цімашэнка выклікалі на допыт у якасьці падазраванай і для абвяшчэньня рашэньня аб меры стрыманьня.

Юлія Цімашэнка назвала справу «фальшыўкай кучмаўскага часу». Цімашэнка лічыць, што справа адноўленая, каб перашкодзіць яе апазыцыйнай дзейнасьці. Цімашэнка зьяўляецца лідэрам буйнейшай празаходняй апазыцыйнай партыі, яна абвінавачвае прэзыдэнта Віктара Януковіча ў здрадзе нацыянальных інтарэсаў Украіны на карысьць Расеі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?