Конкурсны этап фестывалю беларускамоўнай рэкламы і прамоўшэна «Adnak!» стартаваў у Мінску. Ідэя фестывалю належыць агульнанацыянальнай культурнай кампаніі «Будзьма беларусамі!». Арганізацыйным партнёрам фестывалю выступіў спецыялізаваны інтэрнет‑рэсурс www.marketing.by.

Як паведаміла 13 мая на прэс‑канферэнцыі каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алена Макоўская, беларускамоўная рэклама павінна быць больш запатрабаванай, у першую чаргу ў асяроддзі саміх вытворцаў і заказчыкаў рэкламы. «Летась сумесна з аксіяметрычнай лабараторыяй «НОВАК» і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (Літва) мы правялі сацыялагічнае апытанне, вынікі якога карысныя нашым рэкламістам. 70% апытаных хацелі б бачыць рэкламу з беларускім кантэкстам: з выкарыстаннем беларускіх сімвалаў, гісторыі, культуры. 40% хацелі б бачыць рэкламу на беларускай мове. На жаль, наша рэкламная індустрыя пакуль не дае такой магчымасці», — заявіла Макоўская.

Паводле яе слоў, «рэклама — гэта частка інфармацыйнага поля». «Правядзенне такога фестывалю — адказ на запыты грамадства», — адзначыла Макоўская.

Кіраўнік рэсурсу marketing.by Сяргей Скараход паведаміў, што мэта фестывалю — сабраць усе рэкламныя работы, зробленыя на беларускай мове за апошнія тры гады. «Мы не ставілі жорсткіх умоў удзелу ў фестывалю, напрыклад такіх, як на фестывалі рэкламы «Белы квадрат». У адрозненне ад «Квадрата», удзел у фестывалі бясплатны. Удзельнікамі могуць быць усе: як прафесійныя гульцы рэкламнага рынку, так і фрылансеры, персанальныя аўтары, грамадскія аб’яднанні», — сказаў Скараход.

Паводле яго слоў, склад журы яшчэ не сфарміраваны, аднак у яго ўвойдуць не толькі спецыялісты ў галіне рэкламы, але і прадстаўнікі іншых прафесій: рэжысёры, дызайнеры, інтэрнет‑дызайнеры і інш. Журы ў кожнай катэгорыі будзе самастойна выбіраць крытэрыі, па якіх будзе судзіць работы, адзначыў Скараход.

У рамках фестывалю прадугледжана некалькі намінацый. Гэта тэлевізійная і кінарэклама, друкаваная і знешняя рэклама, дызайн (паштоўкі, календары, буклеты, лагатыпы, фірменны стыль), інтэрнет‑рэклама (банеры, прома‑сайты, інтэрактыўныя праекты), радыё‑ або аўдыёрэклама.

Усе пераможцы атрымаюць у якасці прыза статуэткі і дыпломы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?