Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч адказаў на пытаньні ўдзельнікаў форумаў «Палітыка» інтэрнэт-парталу TUT.BY. Прапануем чытачам некаторыя адказы на іх.

У Менску, Віцебску і Горадні я перамог на выбарах

Растлумачце кораценька, на якія мэты ідуць тысячы даляраў, атрыманых з Эўропы?

А.М.: На падтрымку дзейнасьці незалежных радыястанцыяў, што перадаюць з-за мяжы, на стварэньне незалежнага тэлэбачаньня, на падтрымку рэштак грамадзкіх аб’яднаньняў і незалежнай прэсы, на дапамогу рэпрэсаваным.

Ці вядомыя рэальныя вынікі выбараў? Хоць бы на некаторых участках? Якія яны? Калі вядомыя, то ці плянуецца выкарыстаньне гэтых дадзеных у далейшай барацьбе з рэжымам?

А.М.: Другі тур быў непазьбежны, пра гэта сьведчаць вынікі на мностве ўчасткаў у сталіцы і рэгіёнах, якія сталі нам вядомыя. У Горадні, Менску і Віцебску я апярэдзіў Лукашэнку. У некаторых ВНУ падтрымка дасягала да 75-80%. Гэтыя дадзеныя выкарыстоўваюцца ў інфармацыйнай працы, мы паказваем людзям, як цынічна рэжым чапляецца за ўладу.

Пытаньне пра АЭС павінен вырашаць народ

Як Вы ставіцеся да рэформы беларускай мовы?

А.М.: Адмоўна. Лічу, што гэта чарговая спроба размыць нашу нацыянальную тоеснасьць. Пакуль няясна, што стаіць за гэтай ініцыятывай. Падрыхтаваць беларусаў да «аб’яднаўчага» рэфэрэндуму, ці зачыніць нязгодныя газэты («Нашу Ніву»), альбо адцягнуць увагу нацыянальна арыентаванай часткі беларускага грамадзтва ад нейкай важнай падзеі, якая пакуль знаходзіцца ў цені. А магчыма ўсё разам

Ці падтрымліваеце Вы пабудову АЭС у Беларусі?

А.М.: Вырашаць пытаньне пабудовы АЭС у такой краіне як Беларусь, народ якой яшчэ шмат гадоў будзе адчуваць на сабе наступствы Чарнобылю, не параіўшыся з гэтым народам, злачынна. Быць ці ня быць АЭС у Беларусі нельга вымяраць толькі ў катэгорыі эканамічнай выгады, і нават нельга апэляваць да энэргетычнай незалежнасьці.

Прэзыдэнт дастаў!

Што Вам піша Казулін?

А.М.: Мы не вядзём ліставаньня.

Ці робіце Вы што-небудзь для вызваленьня А. Казуліна?

А.М.: Пытаньне вызваленьня беларускіх палітзьняволеных, у тым ліку і Аляксандра Казуліна, я стаўлю на кожнай сустрэчы зь лідэрамі эўрапэйскіх дзяржаваў. Міжнародны прэсінг на рэжым у Беларусі з мэтай вызваленьня палітзьняволеных, лічу на сёньняшні дзень вельмі істотным. Асабліва ў сытуацыі, калі, будзем шчырымі, грамадзтва не сасьпела да таго, каб масава патрабаваць ад улады вызваленьня экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі.

Якія ў Вас адносіны з Зянонам Станіслававічам?

А.М.: Мы знаёмыя яшчэ з 1988 г., з «дафронтаўскіх» часоў. Я чытаў яго артыкулы і кнігі, нярэдка сустракаліся, дыскутавалі. Таксама знаёмы зь яго выказваньнямі на мой адрас.

Ваша асабістае стаўленьне да Лукашэнкі?

А.М.: Дастаў!

Як Вы ставіцеся да ідэі запрасіць на пост галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай па футболе галяндзкага спецыяліста?

А.М.: За гульнёй зборнай па магчымасьці сачу. У курсе таксама і трэнерскіх перастановак. Сёньня ў зборнай ёсьць тренэр, і па выніках дзьвюх афіцыйных гульняў, няхай і ня самых удалых, нельга рабіць хуткіх высноваў, трэнеру трэба паверыць, даць шанец і час. Ідэі запрашэньня кіраваць зборнымі ў розных відах спорту замежных спецыялістаў ухвальваю. Адна з праблемаў ня самых лепшых вынікаў нашых камандаў, палягае ў вобласьці псыхалёгіі. У Эўропе псыхалягічнай працы са спартоўцамі надаецца велізарная ўвага...Але галоўная праблема ў тым, што спорт у нас узьведзены ў ранг палітыкі. У пагоні за вынікам, міжднародным прызнаньнем, почасту забываюць пра спартоўца, пра асобу, пра яго побыт, пра нармальныя умовы для трэніровак, жыцьця, заробак для дзіцячых трэнераў. Тут толькі аднымі замежнымі спецыялістамі не абыдзесься. Зьмяняць трэба сыстэму, эканоміку. Ня будзе свабоднай эканомікі, ня будзе і вартага футболу.

Любімы герой – Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, любімы бард - Шалкевіч

Ваша любімае марка піва?

А.М.: «Лідзкае» - «Тры каралі» - двойка, класічная «Крыніца», калі няма халоднага, тады купляю «Абалонь» прэміюм.

Якую музыку Вы слухаеце?

А.М.: Люблю Бэтховэна і Баха. З бардаў – Віктара Шалкевіча, з рок-каралёў слухаю «NRM», «Краму», падабаецца Кулінковіч. Нядаўна плянаваў быць на канцэрце «Старога Ольсы» у к/з «Менск», але канцэрт нечакана адмянілі.

Ваш любімы гістарычны дзяяч?

А.М.: Апошні Кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, беларус па пахожданьні, асоба неардынарная, незаслужана забытая ў нашай гісторыі, хоць неадназначная. Зь дзяржаўных дзеячоў, несумненна, князь Вітаўт.

Заўзею за галяндцаў

Ваша любімае месца адпачынку?

А.М.: Без варыянтаў, гэта родныя Бершты. Ціхая, спакойная вёска на беразе возера на мяжы зь Літвой. Не непакоіць нават і тое, што пасьля паказу сюжету на БТ, у Бершты рынулся цікаўныя турысты.

Ваш улюбёны футбольны клуб у Беларусі, у Эўропе?

А.М.: Па старой звычцы заўзею за гарадзенскі «Нёман», калісьці хадзіў на ўсе матчы. У саюзным чэмпіянаце, натуральна, за «Дынама». У Эўропе падабаецца галяндзкі футбол. Яшчэ з часоў Круіфа.

Адно з пытаньняў зь нейкіх прычынаў засталося без адказу. Думаецца, адказ на яго захоча пачуць шмат хто: «Цікава, чаму на афіцыйным сайце Мілінкевіча не апублікавалі адказы на гэтыя пытаньні? Дый увогуле ў інтэрнэце і Мілінкевіч і кааліцыя прадстаўленыя вельмі слаба, ніводнага талковага сайту. Хто-небудзь ведае, чаму не адчынены абяцаны на афіцыйным сайце Мілінкевіча да 1-га ліпеня вялікі апазыцыйны інтэнэт-партал Svaboda.info? Паабяцалі, не зрабілі і замаўчалі...»

Фота Юліі Дарашкевіч, НН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?